Шумилинские путаны

Происшествия

Шумілінскія путаны


Стаіць на абочыне жанчына. Ну, і што, падумаеце вы, магчыма, спазнілася на рэйсавы аўтобус і галасуе на спадарожную машыну. Многія былі ў такой сітуацыі. Дзяўчына садзіцца ў машыну, кудысьці едзе. А праз некаторы час зноў аказваецца на гэтай жа аўтатрасе і зноў уязджае, а праз гадзіну зноў стаіць на тым жа месцы. І зноў галасуе.

У міліцыю патэлефанавалі з адной з вёсак раёна і расказалі, што на абочыне аўтадарогі Віцебск-Полацк стаіць дзяўчына, якая аказвае інтымныя паслугі. Супрацоўнікі РАУС выехалі на названае месца і ўбачылі на свае вочы, як дзяўчына садзілася ў вялікагрузную машыну, вадзіцель якой потым збочваў з дарогі…

Высвятляецца, што яна за пэўнае матэрыяльнае ўзнагароджанне аказвае інтымныя паслугі. Родам  дзяўчына з Віцебска, “дзяжурыла” на аўтатрасе ўжо не першы месяц.  Ёй пагражае штраф ад 6 да 20 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, за паўторнае такое ж парушэнне на працягу года – штраф ад 30 да 50 БВ або арышт. І сёлета ў раёне былі выяўлены тры такія факты.

“Адна шумілінская дзяўчына аказвала інтымныя паслугі, даючы пра гэта аб’явы на сваёй старонцы ў інтэрнэце, – расказаў оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Р. В. Бруеў. – Супрацоўнікі аддзела ўстанавілі асобу гэтай дзяўчыны”.

Жанчыны, якія аказвалі інтымныя паслугі, расказалі міліцыянерам, што яны атрымліваюць за свае паслугі нямнога грошай. Акрамя таго, яны рызыкуюць заразіцца небяспечнымі хваробамі.

Дарэчы, у гэтым годзе па арт. 17.5 “Заняцце прастытуцыяй” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь  у вобласці  было складзена 58 пратаколаў, паведамілі карэспандэнту раённай газеты спецыялісты ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама.

Кожны год у вобласці ўзбуджаюцца крымінальныя справа па арт. 343 ч. 2 “Выраб або распаўсюджанне парнаграфічнага матэрыялу або прадметаў парнаграфічнага характару”. Вось і сёлета ў вобласці ўзбуджана 56 крымінальных спраў. Прыцягнуты да адказнасці і мужчына з нашага раёна.   Малады чалавек выклаў у сацыяльную сетку “УКантакце” фотаздымкі і некалькі відэаролікаў парнаграфічнага характару. Мужчыну пагражае пазбаўленне волі ад 2 да 4 гадоў.

Калі чалавек паглядзеў відэаролік парнаграфічнага характару, то за гэта ён не будзе прыцягнуты да адказнасці. А вось калі захаваць такое відэа на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, ці, скажам, перадаць яго з аднаго мабільнага тэлефона на другі, то за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць.

Людміла ЗУЙКОВА.

Надрукавана ў №56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *