Олимпийские надежды Шумилинщины: борец из Оболи Вадим Гречухин

Молодёжь Спорт, туризм

Перамогі не бываюць выпадковымі
Сёння обальскі барэц Вадзім Грачухін  – адзін з самых вядомых спартсменаў нашага раёна. Толькі за апошні год Вадзім выйграў міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе ў Навасібір-ску, стаў чэмпіёнам адкрытага першынства Чэхіі, атрымаў “золата” на Алімпійскіх Балтыйскіх гульнях, якія праходзілі ў Германіі. І гэта толькі міжнародныя старты, дзе прымала ўдзел зборная Беларусі па грэка-рымскай барацьбе. А яшчэ ёсць мноства рэспубліканскіх і абласных перамог. Вадзім – пераможца рэспубліканскіх Алімпійскіх дзён моладзі па грэка-рымскай барацьбе, пераможца рэспубліканскай спартакіяды, сяміразовы чэмпіён рэспублікі.
Маладому спартсмену 16 год, грэка-рымскай барацьбой займаецца дзевяць гадоў. “І сёння добра памятаю адну з першых трэніровак Грачухіна, – успамінае трэнер Пётр Ганушчанка. – На ёй хлопчык цвёрда заявіў, што будзе алімпійскім чэмпіёнам”. Нягледзячы на цудоўныя прыродныя дадзеныя, Вадзім упарта трэніраваўся, ад кожнага турніру і спаборніцтва браў па максімуму, слухаў  кожнае слова трэнера. З першых трэніровак і спаборніцтваў хлопчык адчуваў падтрымку бацькоў. Менавіта гэтыя складаемыя – бацькі, трэнер і ўпартасць юнага  спартсмена – сталі залогам поспеху. “Раней, калі выдавалася вольная гадзіна, з бацькам ішлі на турнікі, прычым ініцыятарам гэтага быў бацька, – усміхаецца Вадзім. – Затое цяпер я адыгрываюся. Дзесьці апошні год дома мая любімая фраза: “Ну што, бацька, на турнікі…”
Гады тры назад спартыўным спецыялістам стала зразумела, што Вадзіма Грачухіна чакае добрая спартыўная кар’ера. Пётр Ганушчанка ключавым момантам называе нават не паступленне і вучобу ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, а Еўра-Азіяцкія гульні, што прайшлі ў Казахстане – першы міжнародны старт обальскага барца.  Вадзім адразу падняўся на п’едэстал, стаў трэцім.
Пасля поспеху на Еўра-Азіякіх гульнях Вадзім пачаў трэніравацца яшчэ з большым жаданнем. Ён максімаліст як у спорце, так і па жыцці. Безумоўна, Вадзім радуецца сваім перамогам, толькі вось вялікай задаволенасці няма. Як сам адзначае, задаволенасць можа прыйсці толькі з алімпійскім золатам, да яго яшчэ не адзін год ўпартых трэніровак.
Удалым для выхаванца Пятра Ганушчанкі стаў сёлетні год. Увесь пот і сілы, што былі аддадзены на трэніроўках, прынеслі плён на міжнароднай арэне.  Цяпер у Вадзіма вельмі адказны час (хаця неадказных часоў у яго не бывае) – рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы па грэка-рымскай барацьбе, які пройдзе ў Сербіі ў пачатку жніўня. Рыхтуецца са сваім трэнерам Пятром Ганушчанкам, якога называе другім бацькам. А Пётр Ганушчанка стаў для свайго выхаванца не толькі трэнерам, а і спарынг-партнёрам – чаго ж не зробіш, каб выхаванец стаў чэмпіёнам Еўропы!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №57 ад 24.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *