В Шумилинском районе стартовала уборка зерновых и рапса

Новости Сельское хозяйство Экономика

Камбайны выйшлі на старт
У нядзелю, 26 ліпеня, у раёне стартавала ўборачная. Адначасова да яе прыступілі тры гаспадаркі: КУСГП “Ульскі”, ААТ “Прыдзвінскі” і “Сіроцінскі”.
Сем камбайнаў удзельнічалі ў зажынках у “Ульскім”. Механізатары ўбіралі азімую пшаніцу ля вёскі Чэрчыцы, што знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны. “Глеба тут пясчаная, раслінам у гэтым годзе не хапала вільгаці, вось пшаніца і выспела раней, – расказала дырэктар гаспадаркі В. У. Лабейка. – У першы дзень жніва абмалацілі 34 гектары, ураджайнасць склала каля 26 ц/га. Прызнацца, чакалі большага”.
У нядзелю кардонскія механізатары працавалі толькі да абеда, затым работу прыпыніў моцны лівень. Ішоў дождж і ноччу, таму на наступны дзень прыйшлося чакаць, пакуль палеткі абсохнуць.
У “Прыдзвінскім” жніво стартавала ва ўрочышчы Бокішава. “Першы дзень быў пробным, выехалі на ўборачную толькі два камбайны, а ў прыпар будзе працаваць шэсць, – расказаў дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў. – У Крывым Сяле абкаталі сушылку: усе сістэмы працуюць нармальна”.
У першы дзень жніва ў раёне абмалацілі 53 гектары азімых зерневых. Прыпар яшчэ наперадзе: усяго трэба ўбраць 13390 гектараў зерневых і зернебабовых.
Убіраюць рапс
У мінулыя выхадныя ў раёне пачалася ўборка азімага рапсу. Праўда, да яе прыступілі пакуль што тры гаспадаркі:  ААТ “Прыазёрны мір”, “Лаўжанскае”, УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. На гэтым тыдні да іх далучацца і астатнія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.
Самая лепшая ўраджайнасць рапсу аказалася ў райаграсэрвісе: 16,75 цэнтнера з гектара. Улічваючы сёлетняе надвор’е, гэта нядрэнна, адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу.
Усяго ў раёне трэба ўбраць 424 гектары азімага рапсу. Прычым, самыя вялікія палеткі гэтай культуры ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” і “Лаўжанскім” – 142 і 120 гектараў адпаведна.
… і травы на насенне
Прыкладна з тыдзень у гаспадарках раёна ўбіраюць шматгадовыя злакавыя травы (яжу, цімафееўку, аўсяніцу, фестулоліум і іншыя) на насенне. Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў перакананы, што лепш атрымаць сваё насенне траў, чым потым купляць яго за немалыя грошы ў іншых раёнах.
На раніцу 27 ліпеня было намалочана 35 тон насення злакаў, прычым 13,5 тоны – у сялянскай (фермерскай) гаспадарцы “Раднік”. У гэтай гаспадарцы расце 125 гектараў шматгадовых траў, палова з якіх ужо абмалочана на насенне.
“Прыазёрны мір”, “Прыдзвінскі”, “Ульскі” і “Мішневічы” пакуль чакаюць, бо ў іх насенне яшчэ як след не выспела.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №58 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *