В Ловжанском сельсовете озабочены иждевенчеством и другими антисоциальными явлениями

Общество

Пазіцыя ўтрыманства ў спадчыну?
28 ліпеня на пасяджэнні  грамадскага пункта аховы правапарадку ў Лаўжанскім сельвыканкаме прысутнічалі пракурор аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Ганна Тылец і старшы інжынер аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Кубліцкі. Пасяджэнне правяла старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко.
На мерапрыемства былі запрошана адзінаццаць чалавек з Мікіціхі, Добрына, Мазурына, Слабады, якія стаяць на прафілактычных уліках. Некаторыя з’явіліся на пасяджэнне сямейнымі парамі.
Большая частка гэтых асоб заняла зручную для сябе пазіцыю: ім усе нечым абавязаны — і дом адрамантаваць, і на работу ўладкаваць, і дзяцей сабраць у школу.
Так мужчына, як кажуць, “у поўным росквіце сіл”,  прасіў дапамогі ў афармленні дома. Трэба з’ездзіць з патрэбнымі даведкамі да натарыуса, аплаціць ягоныя паслугі і аформіць дакументы. Але мужчына плаціць не хоча, і ўладкоўвацца на работу не хоча. Маўляў, няхай яму дапамогуць іншыя.
Як паказвае жыццё, пазіцыя ўтрыманства ў многіх сем’ях перадаецца нібыта ў спадчыну, ад пакалення да пакалення. Вось у кабінет зайшла прыгожая маладая жанчына. Ёй бы працаваць, нараджаць ды даглядаць дзяцей, клапаціцца пра сям’ю. А яна жыве з выпівохай-сужыцелем, ды з якім разам і злоўжываюць спіртным. Таму яе сямімесячнае дзіця апынулася ў Доме малюткі ў Віцебску. Бацькам далі паўгода на выпраўленне. Але якое там!  Ніхто і не думаў выпраўляцца. У маці і яе сужыцеля няма ўласнага жылля, дзіця забраць няма куды. Як высветлілася, у дзяцінстве гэта жанчына жыла ў інтэрнаце, бо яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Відаць, такі лёс чакае і сына жанчыны.
Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія праводзілі рэйды па нядобранадзейных сем’ях, многім напісалі прадпісанні адрамантаваць печкі. Як высветлілася, многія бацькі да канца нават не разумеюць, якую небяспеку для малых дзяцей нясе печка, чаму яе дзверцы павінны шчыльна закрывацца. Сяргей Кубліцкі нагадаў, што ў гэтым годзе ў вобласці  з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і пакідання печак без нагляду згарэлі двое дзяцей. Агонь увогуле нясе небяспеку, і яна становіцца яшчэ большай, калі дома нецвярозыя бацькі.
У гэтым годзе ў вобласці па віне нецвярозых вадзіцеляў загінула дзесяць чалавек, расказала прысутным Ганна Тылец. Хапае парушальнікаў і ў нашым раёне, і адзін з такіх быў выкліканы на пасяджэнне. Мужчына два гады таму купіў у крэдыт матаблок, і сёлета двойчы трапіўся супрацоўнікам ДАІ на ім у Добрыне. На першы раз атрымаў штраф 10,5 мільёна рублёў. Цяпер вяскоўцу пагражае крымінальная адказнасць, будзе канфіскаваны і матаблок. А яго былому гаспадару прыйдзецца яшчэ два гады выплачваць крэдыт банку.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *