В агрогородке Мишневичи любят цветы и порядок

Актуалии Общество

Аграгарадок Мішневічы
Позірк прахожых не можа не вабіць дом 47А на вуліцы Расказава. Жывуць тут Каніны Святлана Уладзіміраўна і Аляксандр Васільевіч. Іх прыдамавая тэрыторыя не мае ніякіх дызайнерскіх рашэнняў, але ўпэўнена можна сказаць, што яна можа служыць прыкладам узорнага добраўпарадкавання. Ганак ахінаюць густыя вінаграднікі, пад вокнамі разбітыя клумбы, якія ўпрыгожваюць ружы, лілеі, гартэнзія. Ствараць чысціню і акуратнасць каля жылля дапамагаюць бацькам іх дарослыя дочкі Таццяна і Марыя.
Яшчэ адзін адрас  – вул. Камсамольская, 18. Траццяковы Надзея Анатольеўна і Уладзімір Яўгенавіч, якія нядаўна адзначылі рубінавае вяселле, жывуць у гэтым доме ўжо 10 гадоў. За гэты час распрацавалі ўсе 20 сотак прылягаючай тэрыторыі. Адвялі месца на агарод, пасадзілі ўздоўж агароджы бярозкі, каля дома – яблынькі, парэчкі, паставілі лаўкі для ўнукаў, арэлі, зрабілі невялікую валейбольную пляцоўку, аздобілі ўсё кветкамі. На клумбах тут можна знайсці півоні, гладыёлусы, флёксы, гартэнзію, хутка зацвітуць астры.  Гаспадыня расказвае, што трэба папрацаваць, каб усё цвіло, раз 5-6 за лета прапалоць. На гэтым Траццяковы спыняцца не збіраюцца, будуць і далей акультурваць сваю сядзібу.
Калі зазірнуць на вуліцу Зялёную, то нельга проста так прайсці міма дома № 8, у якім ужо 35 гадоў жывуць Вікулавы Раіса Мікалаеўна і Пётр Аляксеевіч. З гадамі іх дом толькі прыгажэе. Канешне, дзеля гэтага гаспадары прыкладаюць шмат намаганняў, дапамагаюць ім іх дзеці. Каля дома гаспадары пасадзілі алею з лістоўніц, ядлоўца, елак. Вырошчвае Раіса Мікалаеўна і туі, якія сама чаранкуе. А якое багацце кветак і хмызнякоў у гаспадыні! Барбарыс, трубчастыя лілеі, клямаціс, вінаграднікі, дуброўкі, ружы, лілейнікі. Восенню збірае насенне аксаміткаў, львінага зеву, скабіёза, вербены, астры, каб у наступным годзе зноў упрыгожыць дом краскамі кветак. Зладзілі гаспадары каля дома альтанку, лаўкі, каб выйсці ўвечары пасля работы палюбавацца прыгажосцю і адпачыць.
Вядома ў Мішневічах і Ніна Васільеўна Гвоздзева сваімі кветнікамі. Увесь радавод Ніны Васільеўны ад прапрабабулі па жаночай лініі – гарачыя аматары кветак. Не абмінула гэта “хвароба” і яе. Сёння ў жанчыны больш за 50 відаў вяргіняў, больш за 100 гладыёлусаў і прыблізна 200 лілей. Зразумела, яе сядзіба проста тоне ў кветніках. Кветкі яна выпісвае з каталогаў “Свет кветак”, “Садовая калекцыя”. Калісьці прывозіла з Каўказа экзатычныя кветкі. Самыя любімыя ў гаспадыні – ружы і вяргіні. Дапамагае жанчыне спраўляцца з такой гаспадаркай муж Пётр Сямёнавіч, палівае, робіць колікі, апрацоўвае ад шкоднікаў.
Юлія ЗУБАРАВА.
Надрукавана ў № 63 ад 14.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *