Шумилинской милиции — 95

Актуалии Общество

Шумілінскай міліцыі – 95
“Наш абавязак – служыць народу”
18 жніўня ў школе мастацтваў адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды 95-годдзя з дня ўтварэння аддзела ўнутраных спраў Шумілінскага райвыканкама.
15 жніўня 1920 года  былі ўведзены новыя штаты Віцебскай акруговай міліцыі. Замест ранейшых шасці раёнаў Віцебскага павета ўтварыліся 12 раёнаў акругі, у тым ліку і Сіроцінскі. Загадам па Віцебскай акруговай савецкай рабоча-сялянскай міліцыі ад 18 жніўня 1920 года было ўтворана Сіроцінскае раённае аддзяленне міліцыі. Спачатку ў яго склад уваходзіла ўсяго 8 чалавек, начальнікам Сіроцінскай раённай міліцыі быў Стэфан Качаргін, памочнікам – Дзмітрый Мішчанкоў. На ўзбраенні міліцыянераў тады было чатыры кані, калёсы і двухколка – гэты транспарт дапамагаў аператыўна раскрываць злачынствы. Менавіта міліцыянеры далёкіх 20-х гадоў заклалі трывалы фундамент для далейшай работы райаддзела ўнутраных спраў.
Ішлі гады, мяняліся жыццёвыя арыенціры і каштоўнасці. Але ва ўсе часы міліцыя была і будзе апорай дзяржавы ў справе правапарадку. Сёння ў РАУС працуюць каля 60 супрацоўнікаў. Гэта знаўцы сваёй справы, людзі, якія абараняюць чалавека і заўсёды спяшаюцца на дапамогу сваім землякам. “Наш доўг – абараняць правы чалавека і служыць народу”, – адзначыў у сваім выступленні начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка. Па ўсяму бачна, гэты доўг шумілінскія міліцыянеры выконваюць сумленна. Пра гэта сведчыць віншавальнае выступленне намесніка начальніка упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Сяргея Пашко і тыя ўзнагароды, якія ён уручыў.

За высокія паказчыкі  ў аператыўна-службовай дзейнасці падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама была ўручана начальніку штаба РАУС Аляксандру Шумінскаму, ганаровая грамата ўпраўлення унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама – намесніку начальніка РАУС Юрыю Арлову, грамата УУС Віцебскага аблвыканкама – начальніку аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Вячаславу Воранаву. Начальніку РАУС Аляксандру Дзмітрэнку быў уручаны нагрудны знак “Віцебская міліцыя”. Нагрудным знакам “За самаадданую службу” 2-ой ступені быў узнагароджаны оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Руслан Бруеў, падзяка начальніка УУС Віцебскага аблвыканакама аб’яўлена міліцыянеру-дзяжурнаму Уладзіміру Шкулаву.
Павіншаваў міліцыянераў са святам намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў, ён пажадаў міліцыянерам спакойных дзяжурстваў і меней тэрміновых выклікаў. Ганаровую грамату Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную службу ў органах унутраных спраў Анатоль Мікалаевіч уручыў першаму намесніку начальніка РАУС Ігару Шацілу.
На свята былі запрошаны ветэраны міліцыі, якія большую частку свайго жыцця прысвяцілі службе ў органах унутраных спраў. Слова трымаў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Іван Касцюк. Ён адзначыў, што ветэраны заўсёды і страі, яны гатовы аказваць пасільную дапамогу супрацоўнікам РАУС і пастараюцца разам з імі сустрэць і стогадовы юбілей міліцыі нашага раёна.
Трэба адзначыць, што работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і школы мастацтваў падрыхтавалі добрую святочную праграму. Тут былі песні і танцы, жарты і конкурсы. Для маладых работнікаў РАУС была падрыхтавана спецыяльная конкурсная праграма. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая ўручыла маладым міліцыянерам памятныя падарункі.
Работнікі РАУС супрацоўнічаюць з многімі дзяржаўнымі структурамі. У прыватнасці, з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Спецыялісты абодвух аддзелаў працуюць дзеля бяспекі грамадзян, адзначыў у сваім выступленні начальнік РАНС Андрэй Сасновіч. За плённае супрацоўніцтва ад Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС ён уручыў ганаровую грамату Аляксандру Дзмітрэнку і грамату Вячаславу Воранаву.
Свята прайшло ў цёплай сяброўскай атмасферы. Міліцыянерам было адрасавана шмат цёплых пажаданняў. Можна з упэўненасць сцвярджаць, што РАУС вытрымаў праверку часам. Яго супрацоўнікі і надалей будуць дастойна несці службу і абараняць спакой жыхароў раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 65 ад 21.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *