А можно отходы превратить в доходы

Экология Экономика

Павялічыць аб’ёмы –  вырастуць даходы
У тым, што збор і перапрацоўка адыходаў – гэта патрэбная і карысная справа, сумнявацца не прыходзіцца. Па-першае, экалагічная сітуацыя паляпшаецца, па-другое, з гэтых адходаў можна зрабіць масу карысных рэчаў, якія яшчэ доўга паслужаць людзям.  У нашым грамадстве актыўна прапагандуецца культура асобнага збору адходаў. Усталёўваюцца кантэйнеры, уводзіцца сістэма штрафаў, актыўна вядзецца рэклама.

Задумайцеся!
Упаковачная папера раскладаецца 2 гады;
стары ваўняны світар – 3 гады;
пластыкавая бутэлька – 150 гадоў;
поліэтыленавы пакет – 200 гадоў;
аўтамабільная шына – 500 гадоў;
кантэйнер  з пенаполістэролу не разлагаецца!
Асноўныя напрамкі работ, першачарговыя мерапрыемствы па абыходжанні з адыходамі і выкарыстанні іх у якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў пазначаны ў Дзяржаўнай праграме збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь. Актыўна да выканання Дзяржаўнай праграмы падключылася і райспажыўтаварыства. З пачатку года райспажыўтаварыства  закупіла ў насельніцтва 88 тон макулатуры (у мінулым годзе – 64 тоны), 210 кг тэкстыльнай сыравіны (летась 140 кг), поліэтылену – 1,8 тоны (1,5 тоны ў 2014 годзе), шклабою – 1,7 тоны (год назад 2,8 тоны).
“Райспажыўтаварыства закупляе ў насельніцтва і арганізацый другасную сыравіну, – расказвае начальнік аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Юрый Глаўдзель. – Шклабой купляем за 600 рублёў за кілаграм, тэкстыль – ад 300 да 600 рублёў, макулатуру – па  800 рублёў, поліэтылен – па 250 рублёў, ПЭТ-бутэлькў – па 500 рублёў”.  Таксама начальнік аддзела нарыхтовак адзначыў, што другасную сыравіну актыўна здаюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Здаць другасную сыравіну можна ў нарыхтоўчыя пункты  райспажыўтаварыства ў Шуміліне і Обалі, у вёсках – прымаюць усе магазіны райспажыўтаварыства.
Прасаваную макулатуру адвозяць на Ушацкі філіял папяровай фабрыкі “Чырвоная зорка”, тэкстыль – на Барысаўскі камбінат, прасаваны поліэтылен  – у прыватную наваполацкую фірму, шклабой –  у Мінск, на прадпрыемства “Белдругрэсурсы”.
Істотных прыбыткаў другасная сыравіна райспажыўтаварыству не прыносіць. “Каб рабіць добрыя грошы са смецця трэба ў разы павялічваць аб’ёмы, – расказвае Юрый Глаўдзель. – Мы – нарыхтоўчая арганізацыя. Неабходна павышаць экалагічную самасвядомасць людзей. Тады ўзрастуць  аб’ёмы  здадзенай другаснай сыравіны. Вось і аб’ёмы. А значыць, з’явіцца магчымасць для набыцця сучаснага абсталявання. А гэта ўжо рэальныя вялікія грошы”.
Як у іншых краінах
Карысна звярнуць увагу на досвед еўрапейскіх і амерыканскіх краін, дзе адходы не лічацца адходамі, а разглядаюцца як рэсурсы, якія трэба выкарыстоўваць у вытворчасці.
У ЗША ўзровень перапрацоўкі адходаў адрозніваецца па штатах. У Нью — Ёрку ён складае 60 %, у Каліфорніі – 92 % і г.д. Тут у справу ідуць нават харчовыя адыходы. Старыя батарэйкі збіраюць у крамах, дзе прадаюць тэхніку, – стаяць кантэйнеры. Старую вопратку і абутак можна складваць у спецыяльныя кантэйнеры, якія ёсць каля буйных гандлёвых цэнтраў. Акрамя гэтага, школы часта праводзяць зборы старога адзення для маючых патрэбу. Ва ўсіх крамах заклікаюць купляць шматразовыя сумкі і выкарыстоўваць іх замест звычайных пластыкавых пакетаў, прычым каштуюць такія сумкі ўсяго 1 долар.
У Германіі спецыяльныя кантэйнеры стаяць ля кожнага дома. Жыхары як прыватных, так і шматкватэрных дамоў асобна збіраюць шкло, пластык, паперу, харчовыя адходы і хатняе смецце. Пустыя пластыкавыя бутэлькі прымаюць усе харчовыя крамы, выплачваючы за кожную бутэльку ад 10 да 25 еўрацэнтаў. Для выкарыстаных батарэек  у многіх крамах размяшчаюцца невялікія кардонныя скрынкі з надпісам “Вы не забыліся выкінуць выкарыстаныя батарэйкі?”.
У Японіі сітуацыя неадназначная. У Токіа смецце спальваюць,  працэнт забруджвання навакольнага асяроддзя тут адзін з самых высокіх у свеце. У той жа час у горадзе Камікатсу адходаў няма наогул: людзі самі дамовіліся падзяліць смецце на больш чым 20 відаў.
У Швецыі сартуюцца ўсе адходы: для бутэлек, бляшанак, макулатуры, кардона, пластыка – спецыяльныя кантэйнеры каля супермаркетаў. Каля дамоў – кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. У кожным горадзе ёсць спецыяльная смеццевая станцыя па прыёму адходаў.
У шматпавярховых дамах канадскага Таронта на першым паверсе усталёўваюць кантэйнеры для пластыка, паперы і шкла. Смеццеправод працуе для астатняга смецця, якое засталося. Смецце не спальваюць Калі хто-небудзь выкідвае ў “простае” смецце  другасную сыравіну, то можа быць аштрафаваны на 200 долараў за кожны выпадак, а калі простае смецце трапляецца ў спецыялізаваных кантэйнерах для раздзельнага збору, то  гэты кантэйнер проста не забяруць да таго часу, пакуль самі жыхары не адсартыруюць смецце.
У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты, якія стымулююць і заахвочваюць інвестыцыі ў перапрацоўку, пачынаючы ад падаткаў на прадукцыю, заканчваючы сістэмай адказнасці вытворцаў. Існуе і сістэма штрафаў. У некаторых краінах вадзіцель смеццявоза мае пэўныя паўнамоцтвы. Калі ён бачыць, што адходы  раздзелены няправільна, ён не будзе вывозіць кантэйнер. На такі кантэйнер наклейваюць чырвоную налепку, і пры праверцы мясцовы інспектар аштрафуе парушальніка прыкладна на 300 еўра.
Вельмі жорсткая сістэма штрафаў у Бельгіі. Там людзі карыстаюцца пакетамі рознага колеру, да кожнага з якіх прымацавана этыкетка, і пэўны від  смецця выкідваецца ў асобны пакет. На этыкетцы паказаны нумар дома і кватэры, і калі выявяць, што смецце сабрана няправільна, жыхару гэтай кватэры будзе выстаўлены рахунак.
Не ўсе краіны адразу прыйшлі да добрых вынікаў у плане перапрацоўкі другаснай сыравіны. Напрыклад, у Вялікабрытаніі гадоў дзесяць таму быў практычна нулявы ўзровень здабывання другаснай сыравіны. Але Вялікабрытанія – член ЕС, які наклаў на яе каласальнага памеру штраф за тое, што краіна не займаецца рашэннем праблемы адходаў. Сёння ў Вялікабрытаніі перапрацоўваюць нават памперсы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 66 ад 25.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *