Не працуеш – заплаці па поўным кошце

Новости Президент Экономика

Не працуеш – заплаці па поўным кошце

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.04.2015 г. (у рэдакцыі ад 25.01.2018 г.) №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» накіраваны на стварэнне ўмоў для таго, каб усе грамадзяне мелі магчымасць удзельнічаць у эканоміцы, тым самым уносіць свой уклад у фінансаванне сацыяльных выдаткаў дзяржавы.

Дэкрэт прадугледжвае самыя розныя формы занятасці насельніцтва: работу па найме ў дзяржаўных ці прыватных арганізацыях, прадпрымальніцтва, рамесную дзейнасць, аказанне паслуг аграэкасядзіб, вырошчванне сельскагаспадарчай прадукцыі на прысядзібным участку, аказанне розных паслуг насельніцтву, іншыя віды занятасці. Не адносяцца да катэгорыі незанятых у эканоміцы студэнты і навучэнцы вышэйшых і сярэдніх прафесійных устаноў дзённай формы навучання, служачыя ў арміі, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 год, некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян. Да занятых у эканоміцы адносяцца і грамадзяне, якія працуюць за мяжой. Галоўнае, каб гэты статус быў пацверджаны дакументальна.
Для асоб, якія ніякім законным спосабам не ўдзельнічаюць у эканоміцы, прадугледжана, што яны павінны кампенсаваць выдаткі на некаторыя сацыяльныя даброты.

Колькі чалавек плацяць па поўным кошце
У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3, асобы, якія не ўдзельнічаюць у эканоміцы, павінны аплачваць паслугі ацяплення, гарачага водазабеспячэння і газазабеспячэння па цэнах (тарыфах), якія поўнасцю кампенсуюць эканамічна абгрунтаваныя затраты на іх аказанне. Кожны квартал раённы выканаўчы камітэт па прадстаўленні камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва зацвярджае спісы грама-дзян, якія павінны плаціць за названыя паслугі ў поўным аб’ёме.
Так, у чацвёртым квартале (з 1 кастрычніка па 31 снежня) 2021 года за паслугі гарачага водазабеспячэння па поўным кошце ў раёне плацяць 16 грамадзян, з іх 9 – у г. п. Шуміліна, 3 – у Обальскім сельсавеце, 3 – у Светласельскім сельсавеце, 1 – у Дабейскім сельсавеце. Па поўным кошце за ацяпленне плацяць 38 грамадзян: 18 – у г. п. Шуміліна, 6 – у Обальскім сельсавеце, 8 – у Светласельскім сельсавеце, 2 – у Мішневіцкім сельсавеце, па 1 – у Дабейскім, Лаўжанскім, Мікалаеўскім і Сіроцінскім сельсаветах. За газ (для мэт ацяплення) па поўным кошце плацяць 2 грамадзяніны – адзін у г. п. Шуміліна, адзін – у Дабейскім сельсавеце.
Па якіх тарыфах ідзе аплата
Павышэнне тарыфаў закранае паслугі ацяплення, падагрэў вады і газ (для мэт ацяплення). Тарыфы на названыя паслугі павялічваюцца ў пяць разоў.
Напрыклад, возьмем звычайную двухпакаёвую кватэру плошчай 55 квадратных метраў. У 2020 годзе падчас ацяпляльнага перыяду (у лістападзе) плата за ацяпленне склала 17,78 рубля, падагрэў вады каштаваў 0,88 рубля за 1 кубічны метр, газазабеспячэнне – 0,1406 рубля за 1 кубічны метр. З кастрычніка 2021 года для ўласнікаў ці наймальнікаў жылля, якія не ўдзельнічаюць у эканоміцы, ацяпленне будзе каштаваць 92,28 рубля, гарачая вада – 4,30 рубля за 1 кубаметр, газ – 0,5082 рубля за 1 кубаметр.
Кожны сам выбірае, што яму рабіць: працаваць ці плаціць?
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №84 ад 29.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *