Шумилинцы достойно выступили на областном этапе проекта «Властелин села-2015»

Актуалии Сельское хозяйство Семья

Уладар сяла-2015: Праз традыцыі да сучаснасці
У мінулы аўторак у Вярхнядзвінску прайшоў абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2015”. Яго удзельнікамі сталі маладыя вясковыя сем’і з 13 раёнаў Віцебшчыны. Гонар нашага раёна абараняла сям’я Сёмкаў (на здымку) з аграгарадка Амбросавічы: гаспадар Дзмітрый (працуе механізатарам у “Прыазёрным міры”), гаспадыня Раіса (памочнік выхавальніка ў мясцовым дзіцячым садку) і іх дзеці – васьмігадовы Раман і чатырохгадовая Кацярына.
Арганізатарамі якога выступілі абкам ГА БРСМ, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абкам прафсаюза работнікаў АПК.
На ўрачыстым адкрыцці свята другі сакратар абкама ГА БРСМ Дзмітрый Туранок адзначыў, што  конкурс, які ўпершыню  прайшоў у 2007 годзе  ў Глыбоцкім раёне, вырас да ўзроўню міжнароднага, а за час існавання праекта  на розных яго этапах за званне “Уладара сяла”  змагаліся амаль тры тысячы маладых сем’яў. Удзельнікаў свята вітаў першы намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама У. У. Быкаў.
Знаёмства з канкурсантамі пачалося з падрыхтаваных візітных картак. Маладыя сем’і прадэманстравалі прысутным 13 конкурсных праграм, якія суправаджаліся цікавым відэарадам. Кожная сям’я – адметная, але ўсіх іх аб’яданала каханне і павага адзін да аднаго, а таксама вернасць сялянскім традыцыям. На сцэне спявалі, чыталі вершы, прызнаваліся ў каханні…

Годна выступілі на першым конкурсе нашы землякі. Дзмітрый і Раіса Сёмкі расказалі пра асноўныя правілы іх сям’і: каханне, узаемапавага, дом, дзеці – вось тое, на чым павінна трымацца  сям’я. Візітоўку Дзмітрыя і Раісы сваёй дзіцячай непасрэднасцю і шчырасцю арганічна дапоўнілі дзеці.
Конкурс  “Вітаем па-беларуску” ўключыў у сябе сямейныя выставы кулінарных вырабаў і захапленняў маладых людзей. Свае выставы сем’і прэзентавалі ў тэатралізаванай форме. Канкурсанты, нягледзячы  на хваляванне,  гасцінныя і  ветлівыя – гэтыя рысы ўласцівыя беларусам.  Зразумела, што на стале  кожнай сям’і былі стравы з бульбы – бульба вараная і смажаная, калдуны, дранікі. Прычым падаваўся “другі хлеб” з каларытам пэўнай мясцовасці. Ну і канечне, кожная сям’я спрабавала здзівіць членаў журы сваім, адметным. Так, напрыклад, у браслаўскай сям’і на стале красавалася смажанае парасё, а ў шумілінскай – запечаная качка.
На раённым этапе “Уладара сяла-2015”, што прайшоў у маі ў аграгарадку Мікіціха, у конкурсе  “Па дровы”, у якім на хуткасць трэба было двухручнай пілой распілаваць бервяно на  часткі, пакалоць і скласці дровы, не было роўных Дзмітрыю і Раісе Сёмкам. І на абласным этапе яны былі на вышыні – справіліся лепш за ўсіх. За што пры падвядзенні вынікаў свята атрымалі дыплом і каштоўны падарунак.
Жонка забівае цвікі, гаспадар спавівае немаўляці – гэта этапы жартоўнай эстафеты. Гледачам, безумоўна, спадабалася такое шоў і яны аказвалі гучную падтрымку ўсім сем’ям. А вось ўдзельнікам прыйшлося нялёгка ў трыццаціградусную спёку дэманстраваць хуткасць.
Падчас такіх традыцыйных сялянскіх конкурсаў, як “Па дровы” і “Святочны воз” удзельнікі адзначалі, што да гэтых выпрабаванняў рыхтаваліся спецыяльна, бо ў сучаснай вёсцы нячаста сустрэнеш і двухручную пілу, і каня з калёсамі.
Завяршылася абласное мерапрыемства самым смачным конкурсам “Сялянскія прысмакі”, падчас якога сем’і гатавалі дранікі.
А Прыдзвінне на рэспубліканскім “Уладары сяла-2015”, які пройдзе на Гродзеншчыне, будзе прадстаўляць сям’я Рамановічаў з Шаркаўшчыны. Па выніках абласнога этапа сям’я Сёмкаў увайшла ў пяцёрку лепшых.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *