Система образования Шумилинского района — направление на развитие

Образование

Крокі пяцігодкі: сістэма адукацыі — накірунак на развіццё
У нашай краіне склалася і паспяхова функцыянуе шырокагаліновая шматузроўневая сістэма адукацыі. Нягледзячы на складанасці ў сацыяльна-эканамічнай сферы, сістэма адукацыі змагла захаваць дынаміку развіцця. Удасканальваецца змест вучэбнай і выхаваўчай работы, аднаўляецца і пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама будуе сваю работу ў адпаведнасці з Праграмай развіцця сістэмы адукацыі Шумілінскага раёна на 2011-2015 гады.
Дашкольная адукацыя
Дашкольная адукацыя накіравана на рознабаковае развіццё асобы дзіцяці ранняга ўзросту, фарміраванне ў яго маральных нормаў, набыццё ім сацыяльнага вопыту.
У Шумілінскім раёне функцыянуе 22 дашкольныя ўстановы, у якіх выхоўваюцца 862 дзіцяці (ў 2011 годзе было 817 выхаванцаў). Працягваецца работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Колькасць вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад-школа” засталася на ўзроўні 2011 года, ясляў-садоў у раёне 7, дзіцячых садоў – 6. У рамках мерапрыемстваў аптымізацыі сістэмы дашкольнай адукацыі з верасня 2014 года закрыты 2 установы: Полькавіцкі і Лявонаўскі дзіцячыя сады.
Сацыяльныя стандарты ў вобласці дашкольнай адукацыі выконваюцца. Так, забяспечанасць месцамі ў дашкольных установах складае 157%. Рознымі формамі дашкольнай адукацыі ахоплена 75% дзяцей, падрыхтоўкай дзяцей да школы на працягу апошніх пяці год ахоплена 100%.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працуе 119 педагогаў. Варта адзначыць, што зараз толькі 10,9% педагогаў ясляў і садкоў маюць вышэйшую адукацыю дашкольнага профілю.
На працягу 2011-2015 гадоў у раёне арганізавана работа адзінаццаці новых формаў адукацыйнага працэсу (ў тым ліку адна на платнай аснове): 1 гульнявая пляцоўка, 7 адаптацыйных груп, 1 – па падрыхтоўцы дзяцей да школы, 1 група выхаднога дня, 1 мацярынская школа.
За апошнія гады знізіўся ўзровень захворваемасці дашкольнікаў, за восем месяцаў 2015 года гэты паказчык быў на ўзроўні 0,9 дня (за аналагічны перыяд 2011 года – 5,5 дня, 2012 года – 1,2 дня). Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці і рэспубліцы.
Вядзецца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. За 2011-2015 гады на рамонтныя работы затрачана звыш 899 мільёнаў рублёў, на набыццё халадзільнага і тэхналагічнага абсталявання – 43 мільёны, на пакупку цацак, мяккага інвентару і дзіцячай мэблі – 134,3 мільёна рублёў.
Агульная сярэдняя адукацыя
Агульная сярэдняя адукацыя накіравана на падрыхтоўку дзіцяці да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, авалоданне вучнем асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, фарміраванне маральных перакананняў, культуры паводзінаў, эстэтычнага густу, здаровага ладу жыцця, гатоўнасці да працоўнай дзейнасці і далейшай адукацыі.
Сістэма агульнай сярэдняй адукацыі раёна прадстаўлена 17 установамі: 1 гімназія, 6 сярэдніх школ, 3 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад-сярэдняя школа”, 1 базавая школа, 2 комплексы “дзіцячы сад-базавая школа”, 4 комплексы “дзіцячы сад-пачатковая школа”. У школах раёна на канец 2014-2015 навучальнага года навучаўся 1841 вучань. У параўнанні з 2011 годам колькасць школьнікаў скарацілася на 321.
Усе 9 нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне сярэдняй адукацыі выконваюцца. Усе вучні забяспечаны арганізаваным падвозам. Ахоп харчаваннем складае 99,9%, у тым ліку гарачым – 97,1%.
У раёне выпрацавана сістэма работы з таленавітымі вучнямі, створаны банк даных адораных дзяцей.
З 2005 года працуе Шумілінская раённая гімназія для здольных і адораных дзяцей. Аналіз работы ўстановы за апошнія чатыры гады паказаў вельмі эфектыўную работу калектыву па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу. Працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ з 2011 да 2015 года ўзрос на 8%: 2011 – 85%, 2012 – 88%, 2013 – 90%, 2014 – 93%, 2015 – 93%. Адзначым і тое, што 92% сёлетніх выпускнікоў будуць займацца ў ВНУ на бюджэтнай форме навучання.
Ва ўсіх школах раёна расце ахоп вучняў факультатыўнымі заняткамі: з 82% у 2010 годзе да 100% у 2015. Як адзін з паказчыкаў якасці сярэдняй адукацыі стабільна высокі – звыш 45% – працэнт паступлення ў ВНУ дэманструюць выпускнікі раёна.
У пяці школах раёна створана 17 апорных кабінетаў (рэсурсных цэнтраў) па розных прадметах вучэбнага плана. У 2013 і 2014 гадах у раённую гімназію і СШ №1 за кошт рэспубліканскага бюджэту паступілі кабінеты фізікі з поўным аснашчэннем прыборамі і лабараторным абсталяваннем. У 2015 годзе ў раён паступяць 2 кабінеты хіміі.
Тым не менш недахоп фінансавых сродкаў не дазволіў пакуль што стварыць лакальныя інфармацыйныя сеткі ва ўстановах адукацыі, за выключэннем толькі Обальскай СШ, дзе такая сетка створана ў 2013-2014 навучальным годзе.
У сувязі са змяншэннем колькасці дзяцей з 2011 года аптымізаваны 14 школ і дашкольных устаноў.
Спецыяльная адукацыя. Ахова дзяцінства
У сістэме спецыяльнай адукацыі ў 2014-2015 навучальным годзе ў раёне функцыянуюць: Шумілінскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання (займаецца 29 дзяцей), адзін спецыяльны клас для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні (двое дзетак), 41 інтэграваны клас няпоўнай напаўняльнасці (50 дзяцей), 10 інтэграваных груп у дашкольных установах (11 дзяцей), адна спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы (12 дзяцей), 6 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ва ўстановах адукацыі (143 дзіцяці, з іх 48 дашкольнікаў і 95 школьнікаў).
Установамі адукацыі раёна праводзіцца сістэмная работа па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях”. Праводзіцца работа па раннім выяўленні праблемных сямей, абароне правоў дзяцей.
Кадры
З 2011 года ў Шумілінскі раён прыехала 50 маладых педагогаў. Тым не менш далёка не ўсе знайшлі ў нас пастаянную прапіску. Аналіз паказвае, што 42% маладых педагогаў выязджае з раёна ці наогул уходзіць з сістэмы адукацыі. Асноўныя прычыны – нізкая зарплата, адсутнасць жылля.
З 2011 года 16 педагогаў раёна прынялі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх форумах. У абласны банк перспектыўнага педагагічнага вопыту работы ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці ўнесены прозвішчы 12 педагогаў Шуміліншчыны.
Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне
За 2011-2015 гады на бягучы і капітальны рамонт устаноў адукацыі затрачана каля 11 мільярдаў рублёў. На набыццё абсталявання і сродкаў навучання за 4 гады пайшло больш за 2 мільярды рублёў. На выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў зрасходавана 656 мільёнаў. 85 мільёнаў затрачана на набыццё спортінвентару.
В. МЯНЬКОВА, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Надрукавана ў № 68 ад 01.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *