Добейский сельсовет: День работы с населением

Актуалии Власть Сельское хозяйство

Вяскоўцы жывуць восеньскімі клопатамі
У сераду і чацвер, 9 і 10 верасня, адбыўся падворны абход на тэрыторыі Дабейскага сельсавета.
Групы райвыканкама, у якія ўваходзяць прадстаўнікі ўлады, сацыяльнай, пажарнай службы наведваюць літаральна кожны двор. Задача не толькі ў тым, каб даведацца пра праблемы вяскоўцаў, але і праверыць стан супрацьпажарнай бяспекі, падрыхтоўку печак і хат да зімы, нагадаць пра неабходнасць навядзення парадку на падворках і каля іх. Карэспандэнт газеты працаваў у групе, якая наведала вёскі Вялікія Ляжні,  Ільінцы, Забор’е, Беразніцу, Мяхі, Кулакова, Магілёўку, Хмялеўскія Ляжні, Будзішча, Данілава.
Дагледжанымі дамамі, прыгожымі падворкамі сустрэла нас вёска Ільінцы. З пастаянных жыхароў тут пражывае чатыры чалавекі. Астатнія пяць хат занялі дачнікі. “Дачнікі ў нас добрыя, працавітыя, – пахвалілася старэйшына В. Д. Ільінец. – Яны і агароджы прыгожыя паставілі, і дамы пафарбавалі, і кветак насаджалі, і разводзяць летам курэй і гусей. Ды і агароды добра апрацоўваюць: градкі заўсёды чыстыя і ўраджай вельмі добры”. У восеньскі час многія вяскоўцы рыхтуюцца да зімы: рамантуюць печкі, беляць грубкі. Інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС В. В. Салабута адзначыў, што ў наведаных вёсках былі выяўлены толькі дробныя парушэнні па пажарнай бяспецы.
Мяхі, Кулакова і Магілёўка – вёскі маленькія, тут жывуць па аднаму-тры гаспадары. Зараз яны занятыя восеньскімі работамі. У некаторых пенсіянераў і сіл ўжо няма, каб даглядаць агароды, але ж саджаюць іх, як кажуць, па звычцы. “Дакладней кажучы, для парадку, – кажа старэйшая жыхарка в. Мяхі Л. Ф. Сокалава. – Я ж і зерневыя сеяла, і бульбы вялікі кавалак саджала. Пакуль рухаюся, не магу дапусціць, каб зямля пуставала”.
Маленькія вёскі мы аб’язджалі разам са старшынёй Дабейскага сельвыканкама І. І. Шалахавай. Яе вяскоўцы сустракалі як добрага госця, які часта наведваецца да старых і ведае ўсе іх праблемы. Пажылыя людзі расказвалі Ірыне Іванаўне пра сваіх унукаў і праўнукаў. А ў Хмялеўскіх Ляжнях пенсіянеры хваліліся новай драўлянай агароджай, якую на днях устанавілі дзеці.
Беразніца калісьці была цэнтрам калгаса імя Чапаева. Цяпер тут усяго чатыры двары. І на ўсю вёску адна карова, якую трымае старэйшына Э. А. Лазука. А вось у Забор’і ёсць заможны гаспадар: на падворку Ф. Е. Голубева чатыры каровы і тры цёлкі. Мужчыну сустрэлі па дарозе: на веласіпедзе з бітонамі і вёдрамі ён ехаў на поле, каб падаіць кароў (на здымку). “Трава ў гэтым годзе не вельмі, – расказаў гаспадар. – Прыходзіцца часта перавязваць кароў. Здаю праз дзень па 70-80 літраў малака. Вялікага халадзільніка няма, дык я  прызвычаіўся апускаць малако ў бітоне ў калодзеж: там яно добра захоўваецца”.
Калі да іншых вёсак дарога была добрая, то да Будзішча рэдакцыйная легкавушка ледзь праехала: уся дарога ў выбоінах, гразка. Летам дарожнікі засыпалі яміны, але, відаць, пашкадавалі пяску ці гравію, расказала жыхарка в. Будзішча В. С. Лішык. Жанчына згадала, што ў вёсцы раней было дзесяць двароў, і на бацькавай хаце, які быў старастам, была прыбіта драўляная шыльдачка з надпісам: “Адказны за дзесяцідворку”.  Бацькаву эстафету пераняла і Валянціна Савельеўна: яна старэйшына ў Будзішчы і Данілаве. Праўда, у дзвюх суседніх вёсках засталося ўсяго чатыры двары.
Вёска Вялікія Ляжні – цяпер цэнтр усяго наваколля. У параўнанні з суседнімі маленькімі вёсачкамі, яна, можна сказаць, маладая, бо пераважная большасць яе жыхароў – працаздольныя. Яны працуюць у мясцовай гаспадарцы – ААТ “Ляжні”. Разам з дырэктарам гаспадаркі В. В. Яцко наша група завітала на мехдвор, пагутарыла з людзьмі, выслухала заўвагі і прапановы. І яны, трэба адзначыць, былі па сутнасці: вяскоўцаў непакоіла, што ў мясцовым магазіне працякае дах, што фельчар на ФАП прыязджае ўсяго два разы на тыдзень, а хацелася б кожны дзень.
Ва ўсіх вёсках людзі прасілі напісаць удзячнае слова пра вадзіцеля аўталаўкі райспажыўтаварыства Віктара Шырокага, які рэгулярна прывозіць вяскоўцам усе неабходныя тавары.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 71 ад 11.09.2015 г.



2 комментария по теме “Добейский сельсовет: День работы с населением

  1. Может, все-таки не старостой, а старейшиной, а то как то коробит.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *