27 июня прошла очередная сессия Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Час не стаіць на месцы
27 чэрвеня адбылася чарговая 12-я сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, намеснік старшыні праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Дзмітрый Георгіевіч Баранаў.
Работу сесіі вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава.
Дэпутаты найперш заслухалі справаздачу старшыні раённага Савета аб сваёй рабоце, дзейнасці прэзідыума і становішчы спраў на падведамнай тэрыторыі.
І. М. Новікава спынілася на рабоце рэальнага сектара эканомікі раёна за 5 месяцаў бягучага года па выкананню даведзеных прагнозных паказчыкаў.
Нямала ўвагі Ірына Мікалаеўна ўдзяліла рабоце сельскіх Саветаў па фарміраванню бюджэтаў пярвічнага ўзроўню.
Яна адзначыла, што сёння ўласныя даходы сельскіх Саветаў складаюць 73,3%.
Асаблівы клопат — асабістыя падсобныя гаспадаркі. Яно і зразумела: 34% усёй прадукцыі, што вырабляецца ў раёне, даюць менавіта падсобныя асабістыя гаспадаркі. Таму ў полі зроку мясцовай улады і падкошванне пашы, і закуп малака, і вырошчванне на калгасных палетках зерня для прыватнікаў, і дапамога з кармамі.
Не страчваюць сваёй актуальнасці пытанні добраўпарадкавання. У раёне распрацаваны мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі, акрэслены задачы і замацаваны шэфскія арганізацыя па кожнаму населенаму пункту. Безумоўна, у гэтым накірунку многа зроблена, адзначыла дакладчык, у тым ліку і на суботніках, але не ўсюды работа гэтая носіць сістэмны, адладжаны характар.
У справаздачы старшыні раённага Савета дэпутатаў  знайшлося месца і пытанням пажарнай бяспекі, і клопату аб дзецях у нядбайных сем’ях, і іншым надзённым пытанням.
Дэпутаты і запрошаныя на сесію госці прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні даклада.
Дэпутат раённага Савета ад Кастрычніцкай выбарчай акругі № 12 загадчыца дзіцячага сада № 4 З. А. Зазыба падзялілася вопытам супрацоўніцтва з шэфскімі арганізацыямі па ўмацаванні матэрыяльна-тэх-нічнай базы дзіцячага сада, расказала і аб тым, як сам калектыў сёння зарабляе грошы, пахвалілася, што толькі сёлета за грошы ад продажу расады змаглі купіць газонакасілку.
В. В. Шчарбакоў, дэпутат ад Новай выбарчай акругі № 10 старшыня Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў у сваім выступленні акрэсліў некалькі праблем. Найперш павёў гаворку пра неэфектыўнасць высечкі кустоўя і скошвання баршчэўніка. Тут яўна патрэбны ядахімікаты. Падзяліўся дэпутат і сваімі планамі пра добраўпарадкаванне тэрыторыі Свята-Сергіеўскай царквы ў Лескавічах.
Пра закуп малака і цялят у насельніцтва вяла размову дэпутат ад Светласельскай выбарчай акругі № 31 галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец. Яна адзначыла, што закуп малака абсалютная большасць гаспадарак павялічыла, а вось заданне па закупу цялят не выканалі.
На парадак дня сесіі было вынесена таксама пытанне аб гандлёвым і бытавым абслугоўванні на тэрыторыі раёна. Аналітычную інфармацыю па гэтым пытанні прадставіла намеснік старшыні райвыканкама В. А. Байда. Вольга Аляксандраўна адзначыла станоўчае ў рабоце гэтых сфер паслуг, спынілася і на негатыўных момантах.
Кіраўнікі названых службаў – старшыня райспажыўтаварыства В. В. Доктараў і дырэктар КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва В. П. Бабічаў – пагадзіліся з крытыкай, расказалі аб тым, што будзе зроблена па выпраўленню сітуацыі.
На сесіі выступіў старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук. Што датычыць пытання гандлёвага і бытавога абслугоўвання, Вальдэмар Антонавіч падкрэсліў, што і адной, і другой службай у апошні час прыняты істотныя меры па паляпшэнні якасці абслугоўвання. Але час не стаіць на месцы, ён патрабуе новых форм работы, новых відаў паслуг, і службы павінны іх прадставіць, на тое яны і створаны, падкрэсліў кіраўнік раёна.
Вальдэмар Антонавіч спыніўся і на іншых актуальных для раёна пытаннях: нарыхтоўцы кармоў, падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю, удзелу раёна ў “Славянскім базары”, падрыхтоўцы да новага навучальнага года і інш.
Дэпутаты раённага Савета абмеркавалі на сесіі шэраг іншых пытанняў, прынялі адпаведныя рашэнні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №49 ад 1.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *