В Шумилинском районе мужчину привлекли к ответственности за жестокое обращение с животными

Общество Происшествия

За што забілі кацяня?
Летнім вечарам вясковыя дзеці высыпалі на вуліцу. Хто гуляў у мячык, хто ў хованкі. Але гэтую карціну парушыў дарослы. П’янаму мужчыну не спадабалася, што разам з дзецьмі гуляе кацяня. Ён узяў кволую жывёлу на рукі і… задушыў! На вачах у дзяцей!
Вясёлы дзіцячы смех знік, пачуліся крыкі, плач. Бацькі не вытрымалі і патэлефанавалі ў дзяжурную часць РАУС. На месца здарэння выехаў нарад міліцыі…
Гэты выпадак не з замежных фільмаў ці кніг, ён адбыўся на самой справе ў Крывым Сяле. “Супраць мясцовага жыхара, які задушыў кацяня, узбуджана крымінальная справа па арт. 339-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Жорсткае абыходжанне з жывёламі”, – расказаў намеснік начальніка РАУС Ю. А. Арлоў. – Мужчыну пагражае адказнасць, прадугледжаная заканадаўствам”.
Выпадкі, калі да адказнасці прыцягваюцца вінаватыя за жорсткае абыходжанне з жывёлай, адзінкавыя ў краіне. На Віцебшчыне гэта першы выпадак. Ды і людзі звяртаюцца ў міліцыю з такімі зваротамі нячаста. Але галоўнае, што закон пачаў дзейнічаць. І аматарам паздзеквацца з “братоў нашых меншых” трэба памятаць, што за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць.
Людміла ЗУЙКОВА.

Жорсткасць да жывёл караецца
У Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь уведзены новы артыкул 339-1 “Жорсткае абыходжанне з жывёлай”. Згодна з артыкулам жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое пацягнула яго гібель або калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых  ці іншых прычын альбо ў прысутнасці непаўналетніх,  караецца грамадскімі работамі, ці штрафам, ці папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, ці арыштам. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна ці групай асоб, – арышт, абмежаванне свабоды на адзін год ці пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.
Пад жорсткім абыходжаннем з жывёлай разумеецца: сістэматычнае збіванне жывёлы; нанясенне ёй фізічнага болю;  нацкоўванне адно на аднаго; арганізацыя розных баёў; дрэсіроўка, якая звязана з пакутамі; пакіданне без ежы ці вады; утрыманне на марозе ці ў спёцы; нанясенне калецтва; правядзенне ненавуковых вопытаў; нанясенне пакут пры навуковых вопытах; пакутлівы спосаб  забойства  і  іншае. Прычым, гэта адносіцца як да хатніх жывёл, так і да дзікіх.
У Беларусі па дадзеным артыкуле пакуль што ўзбуджана няшмат крымінальных спраў, у Віцебскай вобласці – адна (ў Шумілінскім раёне).
Андрэй ДЗЕРГАЧОЎ,  намеснік пракурора раёна.
Надрукавана ў № 72 ад 15. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *