Владимир Плаксицкий из «Ловжанского»: рапс ничего себе, умолотный

Сельское хозяйство Экономика

Вераснёўскія клопаты механізатараў
Канец жніўня-сярэдзіна верасня – час, калі на палетках сышліся разам рапсавыя работы. Яравы ўбіраюць, азімы – сеяць. Гэта работа тыдзень таму арганізавана ішла ў ААТ “Лаўжанскае”. Тут было створана так званае рапсавае звяно: адны механізатары садзіліся за штурвал камбайнаў, другія былі заняты на адвозцы насення, трэція –  на сяўбе.
“У гаспадарцы ўбралі 120 гектараў азімага рапсу, ён вырас неблагі, – расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Лаўжанскае” В. І. Селязнёў. – Пяцьдзясят гектараў яравога рапсу таксама апраўдалі нашы надзеі: ураджайнасць склала больш за 20 цэнтнераў з гектара. Рапс мы даверылі ўбіраць надзейным механізатарам: Уладзіміру Плаксіцкаму, Аляксандру Махначу, Леаніду Лашкову”.
“Рапс нічога сабе: струкі буйныя, насенне ўмалотнае, – кажа Уладзімір Плаксіцкі (на здымку). – Прыемна назіраць, як ад камбайна спорнае зерне ліецца ў машыну чорным патокам”. Механізатар расказаў, што звычайна за дзень намалочвае па чатыры бункеры насення рапсу. Адзін бункер – гэта чатыры-пяць тон.  З палеткаў рапс на ачыстку і прасушку возяць на мясцовы зернесушыльны комплекс, а адтуль –  на маслаэкстракцыйны завод у Віцебск. Цана прымальная: звыш дзяржзаказу прымаюць больш як па пяць мільёнаў за тону.  Таму выйгралі тыя гаспадаркі, якія вырасцілі добры ўраджай рапсу. Праўда, сярод такіх (з ураджайнасцю больш як 20 ц/га ) начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў назваў толькі дзве: ААТ “Лаўжанскае” і СФГ “Раднік”.
У дзень, калі мы пабывалі ў гаспадарцы, лаўжанскія механізатары зрабілі перапынак ва ўборцы рапсу: на палетках ва ўрочышчы Доўгая Ніва ён яшчэ не выспеў, трэба пачакаць некалькі дзён. Затое прыспешваюць іншыя работы: ворыва і сяўба азімых.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 73 ад 18. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *