В Шумилино на спортакиаду собрались подростки

Образование Общество Спорт, туризм

Іх аб’ядноўвае спорт
У мінулую пятніцу на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла традыцыйная  раённая спартакіяда сярод падлеткаў, якія стаяць на розных відах уліку. Арганізавалі мерапрыемства аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама, інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС, райкам ГА БРСМ і ФСК “Здароўе”. За перамогу змагаліся дзяўчаты і хлопцы з  Шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, Башнёўскай, Амбросавіцкай, Обальскай і Слабадской школ.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая адзначыла, што менавіта спорт можа стаць стымулам ў жыцці, запоўніць вольны час падлеткаў. Валянціна Георгіеўна пажадала ўдзельнікам спаборніцтваў яркіх спартыўных перамог.
Пачалася спартакіяда з лёгкаатлетычнай эстафеты. Не ўсе ўдзельнікі паказалі выдатныя вынікі, але кожны стараўся, не хацеў падвесці сваю каманду. Азарт з кожным этапам усё больш і больш вёў да перамогі, у тым ліку і над сабой. Паласа перашкод, комплекс сілавых практыкаванняў, канат праляцелі як адно імгненне.
У раённай спартакіядзе перамагла зборная каманда, за якую выступалі падлеткі Амбросавіцкай, Слабадской школ і Шумілінскай СШ №2. Дапоўнілі прызавую тройку каманды з Башнёўскай СШ і СШ №1. Пераможцы і прызёры атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. А падлеткі з Шумілінскай СШ №1, што атрымалі ў падарунак настольную гульню, вырашылі аддаць свой  прыз у сацыяльны прытулак.
Па выніках спартакіяды сфарміравана зборная раёна для ўдзелу ў абласной спартакіядзе падлеткаў, якая пройдзе на гэтым тыдні ў Оршы.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *