На заседании Шумилинского райисполкома: подготовка к зиме и правопорядок

Актуалии Президент

Падрыхтоўка да зімы і прафілактыка правапарушэнняў
На пасяджэнне райвыканкама, якое правёў у мінулую пятніцу кіраўнік раёна У. П. Куранны, былі вынесены два актуальныя пытанні: аб гатоўнасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна да асенне-зімовага перыяду і аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства па прафілактыцы правапарушэнняў. На пасяджэнне райвыканкама былі запрошаны начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У пасяджэнні бралі ўдзел старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама С. А. Зароўскі, намеснік пракурора Віцебскай вобласці У. І. Гук, старшы пракурор пракуратуры вобласці К. В. Шыёнак, старшы памочнік пракурора вобласці В. В. Сузанскі.
З дакладам па першым пытанні выступіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Н. А. Прымак, якая падрабязна прааналізавала работу, праведзеную УП ЖКГ, прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2015/2016 года. У першую чаргу Надзея Аляксандраўна звярнула ўвагу на выкананне прагнознага паказчыка па энергазберажэнні, які ў раёне выкананы на ўзроўні -5,4% пры заданні -7%. Паказчык выканалі аддзелы райвыканкама — адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама УП ЖКГ, КУП БАН, ПМК-70. Эканомія паліўных рэсурсаў склала 2,5 тыс. т умоўнага паліва.
У рамках падрыхтоўкі да надыходзячага ацяпляльнага перыяду вядзецца работа па забеспячэнні палівам насельніцтва (праз паліўзбыт дровамі і брыкетам забяспечаны 298 домаўладанняў, у арганізацыі маецца пастаянны запас дроў і брыкету для выканання заявак насельніцтва).
Дакладчык спыніўся на падрыхтоўцы да зімы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая знаходзіцца ў веданні УП ЖКГ. У рамках падрыхтоўкі да зімы праведзены рамонт 19 кацельняў, 5 цэнтральных і 63 індывідуальных цеплапунктаў, у г. п. Обаль устаноўлены другі кацёл на шчапе, набыта 38 адзінак прыбораў уліку цеплавой энергіі для ўстаноўкі ў г. п. Шуміліна і Обаль, праведзены рамонт сценавых стыкаў, адрамантавана цеплаізаляцыя на цеплатрасах у Слабадзе, Обалі, у Шуміліне праведзена замена 5,5 км цеплатрас на ПІ-трубу. Створаны запас паліва. Разам з тым не ў поўным аб’ёме выкананы рамонт дахаў шматпавярховых дамоў, яшчэ вядзецца рамонт цеплатрас і некаторыя іншыя работы. Шэраг заўваг ёсць па падрыхтоўцы да зімы ў некаторых сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.
У рамках абмеркавання пытання былі заслуханы справаздачы дырэктара УП ЖКГ І. К. Штуро, намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. Л. Мацюшчанкі, прадстаўніка райспажыўтаварыства і некаторых іншых арганізацый.
Па пытанні было прынята рашэнне райвыканкама, якое даручана дапоўніць з улікам абмеркавання і выказаных старшынёй райвыканкама заўваг.
Па другім пытанні выступіў старшы памочнік пракурора вобласці В. В. Сузанскі, які агучыў прадстаўленне пракуратуры Віцебскай вобласці “Аб ліквідацыі парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў”. За 7 месяцаў у раёне назіраецца зніжэнне злачыннасці на 21,1%, але ўзровень яе застаецца вельмі высокім  – 81,1 злачынства на 1000 жыхароў (па вобласці 61,1). Захоўваецца высокі ўзровень цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, крадзяжоў, адзначаны рост падлеткавай і рэцэдыўнай злачыннасці. У рабоце многіх суб’ектаў прафілактыкі адзначаны фармальны падыход. У раёне патрабуецца прыняцце комплексу мер па прафілактычнай рабоце, адзначыў прадстаўнік абласной пракуратуры.
Начальнік РАУС А. Р. Дзмітрэнка ў сваім выступленні расказаў пра работу, якая праводзіцца аддзелам унутраных спраў па барацьбе са злачыннасцю і па прафілактыцы правапарушэнняў і якая дае свой плён. Але толькі работнікі міліцыі, праваахоўных органаў не змогуць перамагчы злачыннасць, гэта магчыма толькі агульнымі намаганнямі – грамадскасці, адміністрацый і працоўных калектываў арганізацый раёна, іншых зацікаўленых бакоў. Як станоўчы вынік адзначана камплектацыя кадраў участковых інспектараў, на якіх кладзецца асноўны цяжар работы на месцах.
Па гэтым пытанні выступілі пракурор раёна С. У. Зайцаў, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама В. В. Мянькова, старшыні сельвыканкамаў: Мішневіцкага – Г. У. Зязюлька і Сіроцінскага – С. У. Каржуеў. Аб ролі духоўнага адраджэння, рэлігіі ў прафілактыцы правапарушэнняў гаварыў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Ф. У. Пучынскі. Святар заклікаў актыўней удзельнічаць у будаўніцтве храма ў райцэнтры.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня райвыканкама У. П. Куранны заўважыў, што ў гэтай рабоце ніхто не павінен быць у баку. Гэтыя парушальнікі, злачынцы, асобы з групы рызыкі жывуць побач з намі, ходзяць побач з намі, і калі не хочам папярэдзіць іх супрацьпраўную дзейнасць зараз, то сутыкнёмся з ёй рана ці позна. Гэтую работу трэба весці дзеля нашых дзяцей, дзеля іхняга будучага, адзначыў кіраўнік раёна.
Па абмеркаваным пытанні было прынята рашэнне, згодна з якім работу па прафілактыцы правапарушэнняў, якую праводзілі суб’екты прафілактыкі, прызналі недастатковай. Устаноўлены канкрэтныя напрамкі ўдасканалення прафілактычнай работы, вызначаны тэрміны і адказныя асобы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 76 ад 29.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *