Проблемы односельчан решает старейшина деревни Ловша Тамара Белова

Общество Сельское хозяйство

Старэйшына з Лоўшы
Тамара Васільеўна Бялова з в. Лоўша добра ведае мясцовых людзей і іх праблемы, бо больш за пяць гадоў з’яўляецца старэйшынай вёскі. Жанчына справядлівая, патрабавальная, умее ладзіць з людзьмі, з кожным заўсёды знойдзе агульную мову.
Старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко расказала, што пастаянна трымае сувязь з Тамарай Васільеўнай. Да старэйшыны вяскоўцы звяртаюцца з рознымі пытаннямі: трэба зрэзаць старое дрэва ля хаты, непакояць калдобіны на дарозе, адзінока пражываючыя пенсіянеры маюць патрэбу ў сацыяльным ложку. Тамара Васільеўна ведае, куды звяртацца з гэтымі ці іншымі пытаннямі.
Т. В. Бялова з’яўляецца яшчэ пазаштатным пажарным інспектарам. Таму часта ўдзельнічае ў розных рэйдах, якія праводзяць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Акрамя таго, дапамагае мясцовай ўладзе праводзіць падворны абход домаўладанняў, весці падлік дамашняй жывёлы, якую трымаюць вяскоўцы.  Жанчына кажа, што грамадская нагрузка яе не абцяжарвае. Наадварот, Тамара Васільеўна  радуецца за сваіх землякоў, за іх дагледжаныя дамы, абкошаныя падворкі, прыгожыя кветнікі.
Т. В. Бялова працуе бібліятэкарам у Пабедзе. Да яе часта заходзяць людзі і перыёдыку пачытаць, і проста пагаварыць, параіцца, абмеркаваць праблемы. Тамара Васільеўна ў сваю чаргу расказвае пра навіны ў раёне, пра тыя пытанні, якія абмяркоўваліся, скажам, на апошняй сесіі сельвыканкама. А апошнім часам старэйшына расказвае вяскоўцам пра выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тамара Васільеўна з’яўляецца сакратаром участковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які, дарэчы, знаходзіцца ў бібліятэцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 09.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *