В День матери районная премия имени Героя Социалистического труда С. Т. Пальвинской вручена многодетной матери из агрогородка Светлосельский Наталье Бровкиной

Актуалии Общество Семья

Віншаванні страшыні райвыканкама У. П. Кураннога прымае Наталля Броўкіна

Самыя лепшыя словы, самыя добрыя песні – матулям
Мацярынства – найвялікшае шчасце. Яго ні з чым не параўнаеш, нічым не заменіш. Як толькі ў сям’і з’яўляецца дзіця, яго бацькам адкрываюцца такія грані жыцця, якія вымушаюць да праяўлення самых шчырых, самых высакародных пачуццяў. І мы мяняемся, пачынаем па-новаму цаніць жыццё ў самых розных яго праявах. Маці і дзіця звязвае такая абсалютная безумоўная любоў, што ніякіх песень і паэтычных радкоў не хопіць, каб па-сапраўднаму ўславіць яе моц. 14 кастрычніка кожны з нас знайшоў асаблівыя словы для сваёй матулі, а ў раённым цэнтры культуры ладзілася вялікае свята ў гонар Дня маці і Пакрову Прасвятой Багародзіцы “Матчын ручнік”.
“Менавіта вам мы абавязаны жыццём, сямейнай утульнасцю, усім лепшым, што ў нас ёсць, – звярнуўся да ўсіх матуль Шуміліншчыны кіраўнік раёна У. П. Куранны. –  Няма ў свеце нічога больш шчырага і бескарыслівага, чым матчына любоў. Моцная сям’я – аснова працвітання грамадства. І наш святы доўг – аказваць усялякую падтрымку  галоўным ахоўніцам сямейных каштоўнасцяў”.
Уладзімір Пятровіч заўважыў, што клопат пра сям’ю – прыярытэтны накірунак дзяржаўнай палітыкі. Прыняты шэраг мер па паляпшэнні матэрыяльнага становішча маці, абароне дзяцей, захаванні іх здароўя. Напрыклад, сёння дапамога на нараджэнне першага  дзіця складае 15,7 мільёна рублёў. Сфарміравана сістэма абароны мацярынства і дзяцінства. Бясплатныя медыкаменты, дзіцячае харчаванне, мацярынскі капітал – усе гэтыя меры прызваныя ўмацаваць дэмаграфічны капітал. Як вынік, з году ў год на Шуміліншчыне нараджаецца ўсё больш дзетак, парадаваўся кіраўнік раёна. Да прыкладу, летась у раёне нарадзілася 196 дзяцей, а за 9 месяцаў гэтага года – 151 немаўля. На Шуміліншчыне жыве 200 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 661 дзіця, 11 сем’яў маюць пяцёра і больш дзяцей.
Сучасныя маці, рэалізуючы сябе ў самым галоўным сваім прызначэнні, паспяваюць быць выдатнымі працаўніцамі, удзельнічаць у грамадскім жыцці, мець захапленні, заставацца прыгожымі, чулымі, цікаўнымі. Сёлета абласную прэмію імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка атрымала Марына Іванаўна Раманятава, маці дваіх дзяцей з а.-г. Слабада, інжынер па тэхніцы бяспекі КУСГП “Сіроцінскі”.
У знак глыбокай павагі да жанчыны-маці на Шуміліншчыне заснавана прэмія імя Героя Сацыялістычнай працы С. Т. Пальвінскай. Сёлета па прапанове раённага Савета жанчын і згодна з рашэннем райвыканкама прэмію прысудзілі Наталлі Анатольеўне Броўкінай, якая працуе санітаркай хірургічнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Шумілінская цэнтральная раённая бальніца”. Наталля Анатольеўна пад гучныя апладысменты ўзнялася на сцэну, каб атрымаць гэтую высокую ўзнагароду з рук кіраўніка раёна, прыняць словы віншаванняў.
Наталля з мужам Яўгенам жывуць разам ужо 10 год. Яўген Броўкін не раз упрыгожваў старонкі раённай газеты сваімі высокімі дасягненнямі як механізатар райаграсэрвісу. Яны трымаюць вялікую гаспадарку, іх сядзібу ў аграгарадку Светласельскім можна пазнаць па дагледжанасці і парадку. Але сапраўдны гонар сям’і – гэта, вядома, дзеткі. Старэйшы Мікіта  – ужо гімназіст, светлавалосая, як маці, дачушка Юля – трэцякаласніца, ўсмешліваму Арцёмку  – паўтара года – вось спадзяванне, надзея і самы вялікі сямейны скарб. Няхай мацярынства прыносіць Наталлі і ўсім маці Шуміліншчыны толькі радасць, няхай нашы жанчыны будуць па-сапраўднаму шчаслівымі, тады яны на многае здатныя.
І канцэрт, падораны жанчынам-маці работнікамі культуры, быў асаблівым, пранізаным сямейнымі традыцыямі, патрыятычнымі пачуццямі, спрадвечнымі беларускімі матывамі. Як важна захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне сямейныя традыцыі, ведаць гісторыю і любіць сваю старонку, сумленна жыць і працаваць. Увязаўшы жыццёвы цыкл чалавека – нараджэнне, хрышчэнне, навучанне, служэнне Айчыны, вяселле – з матывамі беларускага ручніка, артысты змаглі данесці да гледача важнасць самых простых чалавечых радасцяў, важнасць самога жыцця.
Наталя Чарнічэнка
Надрукавана ў №81 ад 16.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *