За баранкой школьного автобуса — Андрей Толпегин

Актуалии Общество

Вадзіцель школьнага аўтобуса
Андрэя Талпегіна выдзеліў сярод усіх вадзіцеляў школьных аўтобусаў начальнік групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гаўрылаў. І не толькі таму, што ён самы малады. Выбіраў па адносінах да работы, па прафесійных  і маральных якасцях.
Андрэю Талпегіну ўсяго трыццаць. Сем апошніх гадоў ён працуе вадзіцелем школьнага аўтобуса.  Дарэчы, у мінулым годзе яму даверылі новенькі ПАЗ.  “Кожны дзень забіраю дзяцей з Гаравых, Ляхава і Пушчы і адвожу ў Обальскую школу, затым з Пабеды і Добрына вязу дзяцей у Мікіціхінскую школу, – расказаў Андрэй. – Шчыра кажучы, працаваць на аўтобусе мне падабаецца”. А за такую прафесію, як высветлілася, Андрэй удзячны свайму бацьку. Той, калі сын вярнуўся з арміі, запісаў яго ў Віцебск на курсы. Аргументаваў, што мець толькі катэгорыю “В” – гэта мала, трэба яшчэ і катэгорыя “Д”. Бацька, які, дарэчы, многа гадоў адпрацаваў на рэйсавым аўтобусе ў Шуміліне, меў рацыю. Цяпер ягоны сын не проста вадзіцель, а адзін з лепшых у раёне. І самы малады вадзіцель школьнага аўтобуса ў вобласці.
Андрэй Талпегін перад кожнай паездкай абавязкова правярае тэхнічны стан свайго аўто. Ну, а ў паездцы з’яўляецца не толькі вадзіцелем, але дарадцам, старэйшым таварышам і нават выхавальнікам. “У школьным аўтобусе 22 месцы, па тэхніцы бяспекі ўсе дзеці павінны сядзець і быць прышпіленымі рамянямі бяспекі, – кажа Андрэй. – З дзецьмі абавязкова едзе і суправаджаючы”. Але ён адказвае толькі за дзяцей, а вадзіцель за ўсіх: і за школьнікаў, і за дарослых, і за аўтобус, і за бяспеку. Андрэй разумее, што на яго, як на вадзіцеля школьнага аўтобуса, ускладзены павышаныя патрабаванні. І ён стараецца адпавядаць: уважлівы і ўзаемаветлівы на дарогах.
У вольны час Андрэй Талпегін захапляецца рыбалкай. Але ўсё ж такі ягоная стыхія – гэта тэхніка. Рамантуе свой ўласны легкавы аўтамабіль,  некалькі разоў перабраў скутар. А з нядаўняга часу стаў пакрыху купляць запчасткі для ўласнага трактара, бо марыць сабраць яго самастойна, каб апрацоўваць агарод на дачы. Думаецца, мара Андрэя, настойлівага чалавека і стараннага вадзіцеля, абавязкова збудзецца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 83 ад 23.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *