Как пахать и зачем: семинар для механизаторов в Шумилинском районе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Пра якасць зябліва і высокі ўраджай

У панядзелак на поле УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, якое знаходзіцца паміж Лескавічамі і Шумілінам, з’ехаліся спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі, механізатары, галоўныя інжынеры і аграномы з усіх гаспадарак раёна – у палявых умовах праходзіў раённы семінар-вучоба па ворыве.
Цяпер у раёне актыўна вядзецца ўздым зябліва. Таму такая вучоба прасілася даўно.
Далёка не ўсе прытрымліваюцца агратэхнічных патрабаванняў да ворыва, адзначыў старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які ўдзельнічаў у рабоце семінара. Ворыва – асноўны этап апрацоўкі глебы, ад якога залежыць якасць усіх астатніх работ, якасць сяўбы, а значыць і будучага ўраджаю. Пры гэтым вясной захоўваецца вільгаць у глебе, якая б згубілася б пры вясеннім ворыве. Больш таго, пры ўзняцці зябліва гінуць многія шкоднікі сельгаскультур. Асаблівую ўвагу спецыялістаў і механізатараў раёна У. П. Куранны звярнуў на якасць ворыва, у прыватнасці, на неабходнасць прытрымлівацца патрэбнай глыбіні ворыва: 18-25 сантыметра.
Пра падрыхтоўку поля да ворыва і некаторыя агратэхнічныя прыёмы расказаў прысутным начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў. Раман Фёдаравіч акцэнтаваў увагу на тым, што папярэдне з поля трэба ўбраць камяні, вецце, трэба ўзараць вакол слупоў лініі электраперадач, каб не было агрэхаў. “Глыбіню ворыва перыядычна трэба мяняць, каб не ўтварылася плужная падэшва, якая перашкаджае пранікненню каранёў раслін у ніжні слой глебы, зніжае жыццядзейнасць карысных мікраарганізмаў”, – падкрэсліў Раман Фёдаравіч. Глыбокае ворыва – важнае мерапрыемства ў барацьбе з пустазеллем, расказалі спецыялісты райсельгасхарчу. Больш таго, каранёвая сістэма раслін на такой глебе пранікае глыбей, дзякуючы гэтаму расліны лепш пераносяць неспрыяльныя ўмовы.
На семінары прама на полі была прадэманстравана рэгуліроўка чатырох- і васьмікорпусных абаротных плугоў. Пра асаблівасці рэгуліроўкі расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу А. Л. Мацюшчанка.
Галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу П. А. Загацкі нагадаў прысутным пра тэхніку бяспекі пры рабоце на трактарах. Звярнуў асаблівую увагу на тое, што ўсе рамонтныя работы, а таксама рэгуліроўка плугоў праводзяцца толькі пры выключаным трактары.
Механізатары з “Прыазёрнага міру”, “АграБаравінкі” і “Шумілінскага райаграсэрвісу” на практыцы прадэманстравалі ворыва рознымі спосабамі. Астатнія механізатары аналізавалі і каменціравалі гэтую работу.
Вучоба ў полі была насычанай і цікавай. Думаецца, кожны – ад кіраўніка да механізатара – узяў для сябе нешта карыснае і важнае.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *