Прочитайте, если вас тянет поработать за границу

Безопасность Вопрос-Ответ Общество

Каб работа не стала рабствам
Работа за мяжой набывае распаўсюджанне. Жадаючых маняць высокімі заробкамі, льготнымі ўмовамі, высокімі сацыяльнымі гарантыямі. Але ў СМІ часта з’яўляецца інфармацыя, калі ў пагоне за гэтымі абяцанкамі людзі аказваюцца ў сапраўдным рабстве, з якога цяжка бывае вырвацца.
Як правільна ўладкавацца на працу за мяжой? Што рабіць, калі апынуліся там у цяжкім становішчы? Як не стаць ахвярай падману? Аб гэтым вядзем размову са старшым інспектарам групы па грамадзянству і міграцыі РАУС А. І. Пракоф’евай.
– Алена Ісакаўна, раскажыце, з чаго трэба пачынаць уладкаванне на замежную працу? Як правільна аформіць дакументы для работы за мяжой?
– Афармляць працоўны дагавор лепш праз арганізацыю, якая мае ліцэнзію на працаўладкаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь за мяжой. Спіс такіх арганізацый ёсць на сайце Дэпартамента па грамадзянсту і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь www.mvd.gov.by, ці яе можна атрымаць па тэлефоне “гарачай лініі” Дэпартамента +375 17 218 52 64.
Заключыць дагавор аб працаўладкаванні з замежным наймальнікам неабходна да выезду за мяжу. У пасольстве краіны, дзе збіраецеся працаваць, удакладніце ўмовы выезду і патрабаванні пры працаўладкаванні. Аформіце страхоўку ад няшчасных выпадкаў і хваробы на час паездкі за мяжу. Абавязкова паведаміце блізкім аб вашым ад’ездзе.
– Што рабіць за мяжой, каб не згубіцца?
– Абавязкова станьце на часовы консульскі ўлік. Перыядычна падтрымлівайце сувязь з блізкімі і сябрамі, неадкладна паведамляйце ім аб любых змяненнях ва ўмовах вашага знаходжання. Ні на якой падставе нікому не аддавайце свой пашпарт. У выпадку кражы дакументаў ці пры ўзнікненні праблем звяртайцеся ў пасольства ці консульства Рэспублікі Беларусь, ці ў паліцыю той краіны, дзе вы знаходзіцеся.
– Што рабіць, калі наймальнік мяняе ўмовы працаўладкавання?
– Калі ўмовы вашага знаходжання адрозніваюцца ад вызначаных у дагаворы, звяжыцеся з агенцтвам ці пасрэднікам, што вас афармлялі. Патрабуйце неадкладнага паляпшэння ўмоў. Калі сітуацыя не мяняецца, вы можаце адмовіцца ад працы па дагаворы. Не стаўце сябе ў залежнае становішча, прымаючы падарункі ці пазычаючы грошы.
– Што павінна быць прапісана ў дагаворы на працаўладкаване, каб не трапіць ў непрыемную сітуацыю ў чужой краіне?
– Працоўны дагавор павінен утрымліваць інфармацыю аб тэрміне яго дзеяння, характары і месцы работы, умовах працы і яе аплаце, у тым ліку за работу ў звышурочны, начны час, у выхадныя і святочныя дні, памеры прэмій, надбавак і ўтрыманняў з заработнай платы. Дагавор абавязкова ўтрымлівае інфармацыю аб правах і абавязках, адказнасці бакоў, парадку падаўжэння і разрыву працоўнага дагавора; аб умовах пераезду, харчавання, пражывання, медыцынскага абслугоўвання працоўнага-мігранта і членаў яго сям’і. У дагаворы ўказваюць парадак і ўмовы сацыяльнага страхавання працоўнага-мігранта, парадак кампенсацыі шкоды, нанесенай здароўю ў працэсе працоўнай дзейнасці, іншыя сацыяльныя гарантыі. Гэта дазволіць забяспечыць легальную працу і гарантуе вашу бяспеку.
Паведамляйце ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь аб фактах незаконнага працаўладкавання грамадзян нашай краіны за мяжой.
Гутарку правёў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №16 ад 1.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *