Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік сустрэўся з шумілінскай дзятвой

Духоўнае Образование

Уладзімір Ягоўдзік дакладна ведае, што будучыня – гэта дзеці
Любімая публіка пісьменніка
4 лістапада ў СШ №1 прайшла сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам.
Уладзімір Іванавіч у свой час скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў карэспандэнтам, рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, быў супрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, рэдактарам газеты “Дзеці і мы”, галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”. Сёння Уладзімір Ягоўдзік, бадай, самы запатрабаваны дзіцячы пісьменнік у Беларусі. Вый-шла шмат кніг, яго творы ўключаны ў школьную праграму. “Заклятыя скарбы : Беларускія легенды і паданні”, “Ці вернецца князь Кук?”, “Крылатая дружына, або Птушкі ў беларускім фальклоры”, “У царстве Вадзяніка”, “Сем цудаў Беларусі”, “Звярынец апошняга ледавіка”, “Барабаншчыкі вясны”, “Чаму зніклі маманты?”, “Вячэра для вожыка”, “Шлях Рагвалода” – гэтыя і многія іншыя кніжкі належаць пяру аўтара. Ён працягвае шмат пісаць і на сустрэчы прэзентаваў сваю новую кнігу “Аповесць пра князёўну Рагнеду”.
У актавай зале школы сабраліся вучні 3-4 класаў – чалавек сто. І пісьменніку лёгка ўдалося заваяваць увагу гэтай шумнай аўдыторыі. Ён чытаў вершы, загадваў загадкі, задаваў пытанні і раздаваў падарункі. Дзеці з цікавасцю слухалі пра чорнага зайца і пугача, зубра і воўка, пра слаўную Рагнеду. Малыя смяяліся, цягнулі рукі ў гару з надзеяй, што пісьменнік іх выслухае ці нават выкліча да сябе на сцэну. Яны з лёгкасцю ўсвядомілі правілы гульні і атрымлівалі непадробнае задавальненне ад узаемін з творцам. Дзеці чыталі беларускія вершы, скорагаворкі, расказвалі пра цуда Шумілінскага раёна – Вялікі Камень, адгадвалі загадкі. А калі сустрэча ўжо падышла да завяршэння, яны, трымаючы напагатове тэлефоны, абступілі госця з просьбай сфатаграфавацца напамяць.
Уладзімір Іванавіч ужо не першы раз у Шуміліне, ён падтрымлівае сувязі з нашай дзіцячай бібліятэкай, пахвальна пра яе выказваецца. Пакінуў у падарунак бібліятэцы і шумілінскім маленькім чытачам кнігу.

“Дзіцячай кніжкай можна жыць”.
Мы папрасілі пісьменніка адказаць на некалькі пытанняў для чытачоў раённай газеты.
– Так, я вашу газету памятаю – “Герой працы” называецца, – з радасцю згадзіўся на гутарку Уладзімір Іванавіч.
– Не знайшла вашага афіцыйнага сайта ў інтэрнэце.
– У мяне яго няма. Не хачу я ніякіх сайтаў. Інфармацыі і без таго дастаткова для тых, хто цікавіцца.
– У вас выдатна атрымоўваецца працаваць з дзіцячай аўдыторыяй, падзяліцеся сакрэтам поспеху.
– Самае галоўнае – не трэба паблажліва ставіцца да дзяцей. Трэба быць з імі на роўных. Гляньце, іх жа сто перада мной сядзела. І глядзелі, і слухалі.
– А як становяцца дзіцячымі пісьменнікамі? Як вы адчулі такое прызванне – пісаць для дзяцей?
– Я пісаў і для дарослых, і для дзяцей. Але калі ў свой час працаваў на студыі тэлебачання ў Брэсце, то пазнаёміўся з дырэктарам тэатра лялек Міхасём Шавелем, і ён папрасіў напісаць некалькі казак для тэатра лялек. Я напісаў дзве казкі “Залатое зярнятка” і “Сонейка, свяці”. Яны ішлі, іх шмат паказвалі. “Сонейка, свяці” надрукавалі ў Маскве, Кіеве. І самае дзіўнае, што ў абласным тэатры ў Гродне нават паставілі мюзікл паводле гэтага спектакля.
Вы пытаеце, што значыць пісаць менавіта для дзяцей? Вось вы ведаеце Чукоўскага, у яго 10 тамоў твораў, а ўсе памятаюць “Муху-цакатуху”, “Майдадыра” і іншыя творы, напісаныя для дзетак. Вось так. Ляжыць у мяне душа да гэтай справы, вось і пішу.
– Не кожнаму, пэўна, гэта цікава. Наўрад ці можна расцэньваць гэта як бізнес-праект, які можа прынесці грошы?
– Не, якраз дзіцячай кніжкай можна жыць. А вось з дарослай кнігай, з паэзіяй – гэта вельмі складана. А кніга дзіцячая – запатрабаваная.
– Вы шмат пішаце пра родны край, звяроў, птушак, прыроду, пра гісторыю Беларусі.
– Так, бо гэтыя кнігі патрэбныя.
– А вы зараз працуеце толькі пісьменнікам і ўжо не маеце дачынення да журналістыкі?
– Я дзе толькі не працаваў. А цяпер якраз працую ў часопісе “Качели”.
– А колькі кніг у вас выйшла?
– Я не лічыў, паверце. Ну, але ж не важна, колькі. Багдановіч напісаў адну кнігу – “Вянок”. І яна засталася. А другі пісьменнік сеў на гарбатага коніка (маю на ўвазе Яршова), і яго канёк-гарбунок усё скача і скача.  Дык вось, сутнасць у тым, каб напісаць адну кнігу, але каб яна была патрэбна і цікава дзецям і дарослым.
– Выкажыцеся, калі ласка, наконт лёсу беларускай мовы.
– У мяне дома мае дзеці, унукі размаўляюць толькі па-беларуску. І для мяне гэта самае галоўнае. Беларуская мова настолькі старажытная, бы тыя валуны, неапрацаваная – вельмі прыгожая. Толькі мы павінны дзяцей нашых паварочваць да яе хараства. На жаль, прайшоў я па Шуміліне – усе шыльды на рускай мове,  а вось у Мінску – на беларускай.
– Калі зайшла гаворка па вашу сям’ю, то скажыце колькі слоў.
– У мяне дзве дачкі, абедзве мастачкі, зяць скульптар. А кнігі выдае мая жонка Марыя Рыгораўна Ягоўдзік. Вось такая творчая сям’я.
– І пытанне на развітанне: пра што вы марыце?
– Я мару, каб перад дзецьмі адкрылася дарога большая, чым ёсць цяпер. І ў адказе за гэта мы, дарослыя. Будучыня – гэта дзеці.
*  *  *
Шчыра і на поўную сілу працаваць для дзяцей – ёсць у гэтым не толькі прызнанне і выбар кожнага канкрэтнага творцы, але і нешта такое высакароднае, што выклікае пачуццё асаблівай павагі і прызнання. А яшчэ радасць ад таго, што нашы дзеці маюць магчымасць чытаць выдатныя кнігі на роднай мове.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 17.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *