Спасатель вынес из горящего дома бабушку и внучку

Молодёжь Общество

Выратаваў дзяўчынку і бабулю
Героі жывуць побач. Гэта сапраўды
так. Гераічны ўчынак здзейсніў жыхар райцэнтра Сяргей Марозаў – выратаваў на пажары дзяўчынку і бабулю.
Праз два дні пасля пажару мы сустрэліся з Сяргеем. Ён і  сапраўды аказаўся выратавальнікам – паўтара года таму ўладкаваўся працаваць на пажарна-аварыйна-выратавальны пост у Слабадзе вадзіцелем. А ў дзень пажару ў Сяргея быў выхадны.
Агонь на даху дома на завулку Новым Сяргей Марозаў, які жыве непадалёку, убачыў выпадкова. Сяргей падбег да ўласнай легкавушкі – праз паўхвіліны быў на месцы пажару. “Тэлефануйце 101!”, – крыкнуў хлопец суседзям, а сам, накрыўшы курткай твар, кінуўся ў палаючы дом. Што ёсць моцы пачаў крычаць: ”Ці ёсць хто? Адгукніцеся!” З кухні пачуўся кволы дзіцячы галасок. Схапіў пяцігадовую дзяўчынку – і хутчэй на вуліцу.
Толькі на вуліцы Сяргей пачаў выпытваць у дзяўчынкі, ці ёсць яшчэ хто ў хаце. “Я была з бабуляй”, – захліпала перапуджанае дзіця. Не раздумваючы, выратавальнік зноў кінуўся ў агонь, у адным з пакояў знайшоў пенсіянерку.
У той дзень пяцігадовая Дзіяна і яе бабуля нарадзіліся ў другі раз. Яны маглі б загінуць, калі б не смеласць і рашучасць Сяргея Марозава. Дарэчы, у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях маладому выратавальніку аб’яўлена падзяка за мужны ўчынак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 11.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *