Депутаты Шумилинского райсовета утвердили бюджет и параметры социально-экономического развития района на 2016 год

Актуалии Президент Экономика

Забяспечыць дынамічнае развіццё раёна
24 снежня пад кіраўніцтвам старшыні райсавета І. М. Новікавай прайшла чарговая дваццаць першая сесія раённага Савета дэпутатаў. У рабоце сесіі бралі ўдзел намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта А. С. Мацкевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Севярын. На сесію былі запрошаны кіраўнікі арга-нізацый і прадпрыемстваў раёна.
На парадак дня сесіі былі вынесены чатыры пытанні:
1. Аб старшыні раённага выканаўчага камітэта.
2. Справаздача раённага выканаўчага камітэта аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2015 годзе і прагнозных паказчыках на 2016 год.
3. Аб раённым бюджэце на 2016 год.
4. Аб устанаўленні на тэрыторыі раёна мясцовых падатку і збору і аб увядзенні іх у дзеянне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Севярын паведаміў, што ў аблвыканкам паступіла заява У. П. Кураннога з просьбай аб вызваленні яго з пасады старшыні Шумілінскага райвыканкама, якая была задаволена. За шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Шумілінскага раёна У. П. Куранному была ўручана Ганаровая грамата аблвыканкама.
Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь старшыню райвыканкама прызначае старшыня абласнога выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Кандыдатура старшыні выносіцца на зацвярджэнне раённага Савета дэпутатаў.
На разгляд дэпутатаў была вынесена кандыдатура Снарава Аляксандра Іванавіча.
А. І. Снараў  нарадзіўся ў 1966 годзе ў г. п. Лёзна Віцебскай вобласці. У 1984-1986 гадах служыў у радах Савецкай Арміі. У 1992 годзе закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці ветэрынарыя, пазней – Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці эканоміка, арганізацыя і кіраванне сельскагаспадарчай вытворчасцю.
Працоўную дзейнасць Аляксандр Іванавіч пачаў у 1989 годзе трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы дзіцячай спартыўнай школы Віцебскага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў. З 1993 года працаваў загадчыкам Лёзненскай участковай ветэрынарнай лячэбніцы, дырэктарам Лёзненскай раённай ветэрынарнай лабараторыі, намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача Лёзненскай раённай ветэрынарнай станцыі, першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лёзненскага райвыканкама, начальнікам сельскагаспадарчага філіяла “Кляўцы” КПРБУП “Віцебскаблдарбуд”, намеснікам генеральнага дырэктара ТАА “Руднянскі жывёлагадоўчы комплекс” (г. Рудня Смаленскай вобласці РФ). З 2013 года А. І. Снараў працаваў дырэктарам КУСГП “Крынкі” Лёзненскага раёна. У. М. Севярын адзначыў, што Аляксандр Іванавіч – кваліфікаваны спецыяліст, здольны арганізатар, умее аналізаваць сітуацыю і прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні, мае высокі прафесійны ўзровень. На сваім прадпрыемстве ён за кароткі тэрмін умацаваў матэрыяльную базу гаспадаркі, добраўпарадкаваў вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Аблвыканкам лічыць, што пад кіраўніцтвам А. І. Снарава Шумілінскі раён забяспечыць стабільнае  сацыяльна-эканамічнае развіццё.
У падтрымку кандыдатуры А. І. Снарава выступілі Г. М. Кісялевіч, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; А. В. Аляксеенка, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.
Выступаючы перад прысутнымі, А. І. Снараў заўважыў, што задача перад ім стаіць няпростая. Наш раён сельскі, таму галоўны ўпор будзе зроблены на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці: рост пагалоўя жывёлы, прывагі, вытворчасць малака, збожжа, рапсу, меліярацыя зямель, навядзенне парадку на зямлі. Станоўчая дынаміка ў вытворчасці дазволіць рэалізоўваць і сацыяльныя праекты, працягваць будаўніцтва жылля.
Аляксандр Іванавіч адзначыў, што мае высокія патрабаванні да кадраў, да пытанняў дысцыпліны, але беражліва ставіцца да людзей. Пытанні імкнецца вырашаць аператыўна і хутка, таго ж патрабуе і ад іншых. Любіць спорт, будзе развіваць яго ў раёне, бо лічыць яго адным са спосабаў яднання калектыву.
“У раённым і сельскіх Саветах дэпутатаў бачу апору, сяброў і памочнікаў выканаўчай улады. Калі будзем працаваць усе разам, то ўсё ў нас атрымаецца”, – завяршыў выступленне А. І. Снараў.
Дэпутаты раённага Савета аднагалосна зацвердзілі кандыдатуру Снарава А. І. на пасадзе старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта.
У сваім выступленні намеснік старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевіч адзначыў, што наступны год будзе вельмі складаны. Як ніколі востра стаіць пытанне работы эканомікі рэгіёна. Ад гэтага залежыць рэальнае напаўненне бюджэту, а значыць, і рашэнне сацыяльных пытанняў. “Як спрацуюць прадпрыемствы, усе вы на сваіх працоўных месцах,  – сказаў Алег Сяргеевіч, звяртаючыся да прысутных, – такія будуць  і вынікі работы раёна ў цэлым. А прыклады добрай работы асобных прадпрыемстваў у раёне ёсць. Ёсць і патэнцыял для развіцця: пакуль недастаткова выкарыстоўваюцца магчымасці турызму, транспартнай інфраструктуры, транзітнага становішча раёна. Дзяржава, абласны выканаўчы камітэт, са свайго боку, падтрымліваюць раён”. А. С. Мацкевіч нагадаў пра мадэрнізацыю Обальскага керамічнага завода, у якую ўкладзена 73 мільярды рублёў з абласнога інавацыйнага фонду, цяпер вобласць мае права чакаць аддачы ад укладанняў у выглядзе новай прадукцыі, яе экспарту, паступленняў у бюджэт.
Алег Сяргеевіч павіншаваў А. І. Снарава з прызначэннем на адказную пасаду, уручыў яму службовае пасведчанне і пажадаў поспехаў у рабоце.
Пасля кароткага перапынку дэпутаты прыступілі да абмеркавання іншых пытанняў парадку дня. Са справаздачай райвыканкама аб рабоце за 2015 год і задачах на надыходзячы год выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў. З дакладам аб раённым бюджэце на 2016 год выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка. Таксама Алена Савельеўна прапанавала ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны ўвесці мясцовыя падатак і збор.
Ад пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў выступіў дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях бюджэту і эканамічнай дзейнасці, начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння С. А. Дзмітрыенка, які паведаміў, што на пасяджэнні пастаянных камісій райсавета праекты прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016 год і праект бюджэту на 2016 год былі абмеркаваны, дакументы прапрацаваны дакладна, у іх, па магчымасці, улічылі прапановы аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, асобных прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сяргей Аляксандравіч прапанаваў прыняць рашэнні па названых пытаннях.
У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел дэпутаты раённага Савета дэпутатаў: П. І. Манак – дырэктар ААТ “Обальскі керамічны завод”, У. І. Дзятлаў – дырэктар ААТ “Прыдзвінскі”; А. Г. Віеру – загадчык паліклінікі Шумілінскай ЦРБ; а таксама старшыня Светласельскага сельскага Савета дэпутатаў В. В. Шчарбакоў.
Па абмеркаваных пытаннях дэпутаты прынялі рашэнні і зацвердзілі асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016 год.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016 год

Прадукцыя сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях – 102,5%
Вытворчасць прамысловай прадукцыі па ІФА – 120,8%
Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці – 1%
Удзельная вага запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў фактычных цэнах – 40%
Рознічны тавараабарот – 101%
Тавараабарот грамадскага харчавання – 100%
Увод у эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў – 3500 кв. м
Экспарт тавараў без нафтапрадуктаў і рэспубліканскіх арганізацый – 107%
Экспарт паслуг без рэспубліканскіх арганізацый – 106%
Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – $0,5 млн
Інвестыцыі ў асноўны капітал за кошт замежных крыніц – 105%
Сярэднямесячная заработная плата – 5 млн 800 тыс. рублёў
Колькасць працаўладкаваных грамадзян на новыя працоўныя месцы (за кошт стварэння новых прадпрыемстваў) – 22 чалавекі.
Надрукавана ў №101 ад 30.12.2015г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *