“Славянскі базар у Віцебску-2017”: Шумілінцы і сябе пакажуць і на людзей паглядзяць

Актуалии Культура Новости

Шумілінцы і сябе пакажуць і на людзей паглядзяць

Самы актыўны ўдзел (дарэчы, як і заўсёды) прымуць у “Славянскім базары” шумілінскія калектывы. Як паведаміла рэдакцыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, свае таленты і вырабы шумілінцы будуць прэзентаваць на працягу ўсяго святочнага дзейства.
13 ліпеня, у дзень урачыстага адкрыцця XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2017” у тэатралізаваным шэсці творчых калектываў прыме ўдзел ансамбль барабаншчыц Шумілінскай ДШМ. Сваё майстэрства нашы барабаншчыцы таксама прадэманструюць у конкурсе ансамбляў мажарэтак і барабаншчыц.
15 ліпеня на плошчы Свабоды адбудзецца “танцавальны батл”. Конкурсныя спаборніцтвы пройдуць у розных узроставых групах. Шумілінскі раён прадставяць тры танцавальныя пары – ад Шумілінскага РЦК і Лаўжанскага СЦК.
У гэты ж дзень, 15 ліпеня, адкрые свае гасцінныя дзверы “Шумілінскі панадворак”. Як і ў мінулым годзе, ён размесціцца на вуліцы Талстога. Упэўнены, што тут зноў будзе цесна ад гасцей фестывалю. І для гэтага вельмі будуць старацца нашы самадзейныя артысты, а таксама майстры Дома рамёстваў, прадстаўнікі прадпрыемстваў раёна.
А 16 ліпеня на плошчы Свабоды пройдзе творчая прэзентацыя брэндаў раёнаў і гарадоў вобласці. З нашага раёна каля 40 чалавек будзе задзейнічана ў музычна-кірмашовай кампазіцыі “Калодзеж”, у тым ліку такія праслаўленыя народныя калектывы як “Гульбічы”, “Світанак”, “Гарэзнікі”, “Абалянка”.
У 13-ты раз збярэ сваіх сяброў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў, які праходзіць у рамках “Славянскага базару”. І зноў урачыстае права адкрыцця фестывалю прадстаўлена Шумілінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.
17 ліпеня, у дзень закрыцця “Славянскага базару”, упершыню з канцэртнай праграмай выступіць на плошчы Перамогі ўзорная студыя “Асарці” Шумілінскага РЦК.
Працалюбівыя майстры Дома рамёстваў будуць прадстаўляць свае вырабы і даваць майстар-класы на ўсім працягу работы фестывалю. Іх можна будзе ўбачыць як на “Шумілінскім панадворку”, так і ў “Горадзе майстроў” (у скверы Пушкіна, побач з драматычным  тэатрам імя Якуба Коласа).
Трэба сказаць, што госці “Славянскага базару” завітаюць і ў наш раён. Дэлегацыя Каранеўскага раёна Краснадарскага краю наведае наш раён з 14 па 17 ліпеня. 14 ліпеня ў 16.00 творчы калектыў гэтага раёна “Дзядзькаўчаначка” выступіць у раённым цэнтры культуры. А 15 ліпеня кіраўніцтва Шумілінскага і Каранеўскага раёнаў падпішуць пагадненне ад супрацоўніцтве.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №52 ад 07.07.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *