Доска почёта Шумилинского района: Михаил Жигунов

Актуалии Общество Экономика

Прафесіяналізм даказвае  працай
Міхаіл Канстанцінавіч ЖЫГУНОЎ за гады работы ў камунгасе, а тут ён працуе з 1992 года, даўно прывык, што ў выхадныя дні, у час водпуску яго могуць выклікаць на работу.  Ён добра разумее, што на падраздзяленне “Кардонскае” УП ЖКГ адзін экскаватар, а значыць без яго тэхнікі ніяк не абыдзешся, калі з водаправодам, скажам, дзесьці аварыя, ці ў час завірухі.
М. К. Жыгуноў з кагорты тых людзей, якія не любяць многа гаварыць пра сябе. Свой прафесіяналізм Міхаіл Канстанцінавіч даказвае толькі працай, шчырай і адказнай. Вяскоўцы ведаюць, што калі за работу ўзяўся М. К. Жыгуноў, то яна будзе выканана хутка і якасна. Менавіта таму яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару
– Чым Вы ганарыцеся?
– Мне пашанцавала з маёй сям’ёй, з Антанінай, маёй жонкай, разам больш чым трыццаць год, выхавалі двух дзяцей. Вырасцілі іх працалюбівымі і сумленнымі людзьмі. І самае вялікае шчасце, калі дзеці са сваімі сем’ямі прыязджаюць у бацькоўскі дом. Зараз самы вялікі мой гонар – мае тры ўнукі.
Ганаруся, што мая сям’я не згубіла сялянскіх каранёў. Мы заўсёды трымалі і трымаем цяпер каня, карову, свіней і іншую жыўнасць.
Прыемна адчуваць, што твая работа прыносіць карысць людзям. Хаця гэта і вялікая адказнасць. Рады, што  экскаватар, якому не адзін дзясятак год, спраўна працуе і ніколі не падводзіў мяне у час экстранных сітуацый.
– Пра што Вы марыце?
– (З усмешкай) Дапрацаваць да пенсіі, а там будзе куча вольнага часу. Вось тады і памарыць можна будзе…
Ну а калі сур’ёзна, большасць мар “упіраецца” ў фінансавыя магчымасці. Безумоўна, хочацца, каб у сям’і дочкі – яна жыве ў Мінску – з’явілася ўласнае жыллё.
Не лішнім будзе ў сваёй гаспадарцы і трактар. А так, прыходзіцца, як і раней, на кані.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №4 ад 15.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *