В Шумилино прошёл конкурс «Новые имена Беларуси-2016»

Актуалии Культура Общество

Талентаў раскрылася нямала
У мінулую суботу, 23 студзеня, у раённым цэнтры культуры прайшоў раённы этап прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”.

Конкурс быў праведзены па дзвюх намінацыях: выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і сцэнічная творчасць.
У фае цэнтра культуры дзейнічала выстава шматлікіх вырабаў, якія члены прафсаюзаў розных прадпрыемстваў і арганізацый зрабілі сваімі рукамі. Умелых рук майстэрства – вось так вобразна можна было б назваць гэту выставу. Цікавыя вязаныя і вышытыя вырабы, падзелкі з бісеру,  са стужак і паперы былі прадстаўлены работнікамі цэнтра культуры, лясгасу, ДРБУ-204, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, устаноў адукацыі, Дома рамёстваў, цэха ААТ “Малако”, ПМК-70, камунгасу і іншых прадпрыемстваў і арганізацый. Прыгожымі былі ўсе вырабы на выставе.
У гэты час за кулісамі хваляваліся самадзейныя артысты, якія рыхтаваліся абараніць гонар свайго прадпрыемства ў намінацыі ”Сцэнічная творчасць”. Перад пачаткам канцэрта слова трымаў старшыня  раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў В. В. Юхнавец. “Вельмі сімвалічна, што прафсаюзны конкурс праходзіць у Год культуры, – адзначыў Васіль Васільевіч. – Хочацца выказаць падзяку старшыням прафсаюзных арганізацый  прадпрыемстваў раёна, якія працавалі са сваімі калектывамі, выяўлялі таленавітых людзей і разам рыхтаваліся да конкурсу. Дзякуй усім самадзейным артыстам і тым таленавітым людзям, чыімі рукамі зроблены экспанаты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.
Песні, музыка, маналогі, тэатральныя нумары гледачы віталі гучнымі апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі. Трэба адзначыць, што свае таленты дэманстравала не толькі моладзь, былі і сталыя людзі – узрост жа ўдзельнікаў быў неабмежаваны. На сцэне выступалі па аднаму і цэлымі сем’ямі, як, напрыклад,  музычны ансамбль Скорынавых са школы мастацтваў. Падалося, што самым актыўным быў калектыў з камунгасу: на сцэне выступалі з паўтара дзясятка чалавек. Вельмі цёпла ўспрынялі гледачы іхнюю музычную мініяцюру пад назвай “Планёрка”. І калі б быў зацверджаны прыз сімпатыі гледачоў, то, несумненна, яго б атрымаў гэты нумар.
Строгаму журы (яго старшынёй быў В. В. Юхнавец) прыйшлося нялёгка ў вызначэнні прызёраў. Улічваліся  артыстычнасць і музычнасць, адзначыла член журы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая.
У намінацыі “Сцэнічная творчасць” дыплом першай ступені атрымаў Аляксей Пятроў з ДРБУ-204.  Дыпломам другой ступені ўзнагароджаны сямейны ансамбль Скорынавых “Чароўныя музыкі” са школы мастацтваў. Трэцяе месца раздзялілі Анастасія Гуськова з УП ЖКГ і Марыя Лазарава з Шумілінскай СШ № 1.
У намінацыі “Выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” перамог Анатоль Скрыпкін з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, дыплом другой ступені – у Ірыны Баравіковай з УП ЖКГ, трэцяй – у Надзеі Спірыдонавай з СШ № 1 г. п. Шуміліна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *