О работе Белорусского Общества Красного Креста в Шумилинском районе

Общество

“Быць побач з чалавечым горам”
4 лютага прайшла спаваздачна-выбарная канферэнцыя Шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК). Дэлегаты абмеркавалі вынікі развіцця арганізацыі за апошнія пяць год і вызначылі прыярытэты на бліжэйшыя гады, далі ацэнку работы арганізацыі, абралі новы актыў.

Удзел у рабоце ўзялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, вядучы спецыяліст Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Дзмітрый Рачкоўскі, кіраўнікі іншых грамадскіх арганізацый раёна. Канферэнцыю правяла член прэзідыума раённай арганізацыі Людміла Шаўцова.

Нас шмат
100 пярвічак і 4180 членаў таварыства – гэта самае масавае грамадскае аб’яднанне на Шуміліншчыне, аб’яднанне, дзейнасць якога прапагандуе і рэалізуе самыя гуманныя мэты. Маштабнасць, шматграннасць і неабходнасць гэтай работы для грамадства ў цэлым, для найбольш уразлівых яго прадстаўнікоў адлюстравала ў сваім выступленні старшыня раённай арганізацыі БТЧК Таццяна Русакова.
Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі з’яўляецца аказанне сацыяльнай дапамогі адзінокім, адзінока пражываючым, пажылым людзям і інвалідам. У рамках праграмы “Гуманітарная дапамога ўразлівым” раён неаднаразова атрымліваў гуманітарныя грузы: амаль на 70 мільёнаў рублёў за пяць год. Падтрымка бежанцаў з Украіны, якія знайшлі прытулак на Шуміліншчыне,  абышлася летась у 15 мільёнаў. Дарэчы, Дзмітрый Рачкоўскі адзначыў, што вялізныя сродкі арганізацыі па вобласці ў цэлым былі патрачаны менавіта на дапамогу бежанцам. Таксама звярнуў увагу на тое, што сітуацыя, якая складваецца ў свеце, не пакідае спадзяванняў на далейшае паступленне гуманітарнай дапамогі з-за мяжы.

Вялікі ўклад
Таццяна Пятроўна адзначыла выдатную работу, якую вядуць пярвічныя арганізацыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, прадпрыемстваў ПМК-70, ЖКГ, ПМС, “Вежа”, “Сіроцінскі”, “Малако” і многіх іншых. Крыніцай фінансавання дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца членскія ўзносы, індывідуальныя ахвяраванні, “скарбонкі” і іншае. Агульнымі намаганнямі за мінулы год было сабрана больш за 60 мільёнаў рублёў членскіх узносаў (для параўнання: у 2010 годзе гэта сума складала 11 мільёнаў). І. М. Новікава заўважыла, што, каб пры размеркаванні сродкаў абласной арганізацыяй улічваўся канкрэтны ўклад кожнага рэгіёна, то гэта стымулявала б членаў арганізацыі больш актыўна ўдзельнічаць у дабрачыннасці. Такую ж думку адрасавала прадстаўніку абласной структуры і Святлана Валекава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Сапраўды, каб сабраныя сродкі ішлі на добрыя справы ў раёне, дзе яны збіраліся, і людзі бачылі аддачу, то далей заахвочваць іх было б прасцей. Дзмітрый Рачкоўскі згадзіўся з гэтай думкай, але заўважыў, што на размеркаванне грошай уплывае шмат фактараў, як, напрыклад, стыхійныя бедствы, іншыя надзвычайныя сітуацыі. Карацей, больш фінансуюцца тыя, хто маюць у гэтым большую неабходнасць у кожны канкрэтны момант, а не тыя, хто сабраў больш грошай.

Праекты – гранды
Актыўная дзейнасць вялася на працягу гэтых пяці год і з моладдзю: праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы, конкурсы, акцыі, расказала Т. П. Русакова. “Побач з комплексам мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках узаемадзеяння з дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі, раённая арганізацыя рэалізуе разнастайныя маладзёжныя ініцыятывы, накіраваныя на сацыяльную дапамогу і догляд, прафілактыку шкодных звычак і сацыяльна значных захворванняў, дапамогу адзінокім людзям. Узаемадзеянне з уладамі і іншымі структурамі дазваляе аб’яднаць намаганні, прыцягнуць дадатковыя сродкі і аказаць дапамогу як мага большай колькасці людзей”, – гаварыла старшыня арганізацыі.
Даказала сваю эфектыўнасць рэалізацыя міні-праектаў “Міласэрнасць” (Мікалаева) і “Клопат” (Мішневічы). Асноўная мэта такой дзейнасці – на-дзяліць паўнамоцтвамі тых, каго прывычна лічаць слабымі людзьмі, каб пераўтварыць іх з пасіўных атрымальнікаў дапамогі ў людзей, якія здатныя ўнесці ўклад у развіццё сваёй супольнасці, якім бы малым ён не быў. Дзмітрый Рачкоўскі параіў ствараць новыя праекты, бо іх рэалізацыя падмацоўваецца міжнароднымі грандамі. Заяўку, адзначыў, можна падаць у абласную арганізацыю ў выглядзе ідэі. Калі ідэя акажацца добрай, то ініцыятарам дапамогуць правільна яе аформіць для таго, каб атрымаць матэрыяльную падтрымку для яе рэалізацыі. Сёння ў вобласці рэалізуецца 18 міжнародных праграм. Таксама ён заўважыў, што дзейнасць не можа абмяжоўваецца толькі зборам членскіх узносаў, і што патрабуецца актывізацыя валанцёрскага руху. Дзмітрый Рачкоўскі ўручыў падзякі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК актывістам раённай арганізацыі.

І зноў – за работу
Усе выступаючыя высока ацанілі работу раённай арганізацыі і яе старшыні Т. П. Русаковай. І. М. Новікава адзначыла, што за справаздачны перыяд значна ўзрасла роля раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў нашым раёне, якая праявілася ў разнастайных накірунках дзейнасці. Выказала ўдзячнасць усім членам арганізацыі за актыўную работу і спагадлівасць.
Старшынёй раённай арганізацыі БТЧК на новы тэрмін зноў была абрана Таццяна Пятроўна Русакова. Выбралі таксама новы актыў арганізацыі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №11 ад 09.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *