Редакции задали вопрос: где найти манипулятор?

Общество

Дзе знайсці маніпулятар?
У рэдакцыю звярнуліся нашы чытачы з аграгарадка Слабада. Таццяна Пятроўна і Іван Іванавіч Яфрэмавы расказалі, што яшчэ ў снежні мінулага года на гаспадарчыя патрэбы выпісалі ў лясгасе шэсць кубаметраў лесу. Думалі, адтуль прадаставяць і транспарт, каб прывезці бярвенні. Але ў лясгасе адмовілі. Гаспадары былі ў роспачы: больш за месяц не могуць знайсці тэхніку, каб прывезці лес.
Прызнацца, мы засумняваліся, што такая салідная арганізацыя, як лясгас, не можа прадаставіць пенсіянерам транспарт.  З такім пытаннем мы звярнуліся да галоўнага інжынера лясгасу С. А. Аляксеева. “Мы б і рады дапамагчы, але не можам: у нас не хапае тэхнікі, самі наймаем яе ў іншых арганізацыях раёна і за яго межамі, – патлумачыў Сяргей Аляксеевіч. – Паспрабуйце звярнуцца ў іншыя прадпрыемствы”.
І мы звярнуліся – вельмі хацелася дапамагчы нашым вясковым чытачам. Шчыра кажучы, і не чакалі, што ў Шуміліне так цяжка будзе знайсці тэхніку.
Дырэктар КУСГП “Сіроцінскі” М. У. Прыгодзіч патлумачыў, што прадпрыемства прадастаўляе насельніцтву тэхніку для перавозкі розных грузаў. Але ў нашым выпадку груз не падыходзіў па габарытах: бярвенні даўжынёю больш за шэсць метраў па тэхніцы бяспекі нельга перавозіць у звычайным трактарным прычэпе. Шукайце маніпулятар – параілі нам ў сельскай гаспадарцы.
Але, як аказалася, адшукаць яго не так проста. Маніпулятар ёсць у камунгасе, але дырэктар прадпрыемства І. К. Штуро адмовіў у просьбе прывезці бярвенні, бо ўся тэхніка занята ў лесе на нарыхтоўцы дроў. Патэлефанавалі мы і на некаторыя прыватныя прадпрыемствы, але і там  нам адмовілі ці назвалі цану не па кішэні (больш за паўтара мільёна рублёў да Слабады). Апошняй надзеяй была ПМК-70. Яе дырэктар А. Ю. Крыўко абяцаў дапамагчы, як толькі адрамантуюць кола ў маніпулятары.
Ужо праз дзень І. І. Яфрэмаў падзяліўся з рэдакцыяй сваёй радасцю: бярвенні прывезлі. А тэхніку за прымальную цану прадаставілі з ПМК-70. Рэдакцыя атрымала са Слабады ліст, у якім І. І. Яфрэмаў шчыра  дзякуе за дапамогу А. Ю. Крыўко і раённым журналістам.
Мы з палёгкай уздыхнулі: дапамаглі… Але ж колькі перажыванняў каштавала гэта вясковым пенсіянерам? І чаму элементарныя паслугі насельніцтву выконваюцца так цяжка?
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *