Дзень інфармавання: культура павінна быць ва ўсім

Актуалии

Культура павінна быць ва ўсім

Учора, у рамках Дня інфармавання, прайшлі сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама ў працоўных калектывах. Тэма размовы: “2016 год у Беларусі – Год культуры”.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай правяла сустрэчу ва УП ЖКГ Шумілінскага раёна.

З асноўнай тэмай перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганава. Наталля Уладзіміраўна спынілася на асноўных задачах і напрамках дзейнасці культуры краіны і раёна ў прыватнасці, расказала пра галоўныя маштабныя мерапрыемствы, якія будуць ладзіцца з нагоды Года культуры, пазнаёміла са структурай галіны культуры Шуміліншчыны і асноўнымі дасягненнямі.
У прыватнасці, узгадала пра апошнюю культурную падзею вобласці – ушаноўванне “Чалавека года Віцебшчыны-2015”, лаўрэатам гэтага ганаровага звання стала наша зямлячка настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Алена Скорынава.
З інфармацыямі па сваёй сферы дзейнасці выступілі  члены групы. У прыватнасці, начальнік РВЭС Ю. Р. Маскалькоў пазнаёміў з дзеючымі акцыямі на паслугі сувязі; намеснік пракурора Шумілінскага раёна А. А. Дзергачоў прааналізаваў крымінагенную сітуацыю ў раёне за 2015 год і пачатак гэтага года; намеснік начальніка РАНС І. П. Маскалькоў даў некалькі слушных рэкамендацый па супрацьпажарнай бяспецы, нагадаў пра забарону выхаду на лёд; дырэктар Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкіна расказала пра поспехі і дасягненні адукацыйнай установы, як старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” заклікала стварыць на прадпрыемстве пярвічку; намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч праінфармаваў пра становішча раённай галіны адукацыі, пра аптымізацыю ўстаноў адукацыі ў 2016 годзе.
З заключным словам выступіла І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна азнаёміла з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у раёне, закранула асноўныя балючыя пытанні, якія нялёгка вырашаюцца ў складаных эканамічных умовах. На сённяшні дзень самае актуальнае пытанне, якое хвалюе пераважную большасць жыхароў Шуміліншчыны, – павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і наогул увядзенне новай методыкі налічэння. Таму вельмі важна спецыялістам УПЖКГ даць вычарпальныя тлумачэнні і кансультацыі насельніцтву, падкрэсліла старшыня райсавета, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі, каб зняць напружанне і незразумелась у некаторых пытаннях налічэння за камунальныя паслугі.
Напрыканцы сустрэчы прысутныя мелі магчымасць задаць асабістыя пытанні членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
*     *     *
Ва ўказе Прэзідэнта краіны, якім устаноўлены Год культуры, адзначаецца, што мерапрыемствы з нагоды гэтай падзеі павінны прадугледзіць павышэнне ўзроўню культуры ва ўсім: у прамысловасці і земляробстве, у навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, у паводзінах людзей і праваахоўнай дзейнасці. І, безумоўна, у галіне культуры, як частцы сацыяльнага комплексу. Менавіта пра гэта гаварыў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама намеснік кіраўніка ІПГ В. А. Емяльянаў падчас сустрэчы з калектывам Шумілінскага лясгаса.
У нашым раёне дзейнічаюць 57 устаноў культуры, у галіне працуюць 222 чалавекі, якія забяспечваюць абслугоўванне насельніцтва. У раёне створаны 147 мастацкіх калектываў, якія ахопліваюць 1656 чалавек. 20 калектываў носяць званне “народны”, “узорны”. Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з Шумілінскага раёна бралі ўдзел у 145 конкурсах, фестывалях міжнароднага, рэспубліканскага  і абласнога ўзроўняў, з якіх прывезлі 95 узнагарод.
Перад прысутнымі выступілі члены інфармацыйнай групы, якія расказалі пра дзейнасць сваіх службаў. Так, пракурор раёна С. У. Зайцаў паведаміў пра стан злачыннасці ў раёне, расказаў пра карупцыйныя злачынствы, якія ўжо перададзены ў суд.
Начальнік райаддзела Следчага камітэта Р. Б. Лясовіч спыніўся на сітуацыі з крадзяжамі, якія часцей за ўсё адбываюцца з-за неахайнага стаўлення грамадзян да ўласнай маёмасці.
Начальнік РАНС А. І. Сасновіч засяродзіў увагу на небяспецы веснавога лёду – у рэспубліцы ўжо ёсць выпадкі гібелі людзей, якія праваліліся пад лёд.
Галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў азнаёміў з сітуацыяй па найбольш небяспечных хваробах. Так, у раёне на 5 выпадкаў больш стала выяўленай ВІЧ-інфекыі, прычым хваробу прывезлі з Расіі грамадзяне, якія там працуюць.
Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро расказаў пра новаўвядзенні ў аплаце камунальных паслуг.
Ад работнікаў лясгаса паступіў шэраг пытанняў, па якіх былі дадзены тлумачэнні.
Алена КАРПУШЭНКА. Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *