На спартакиаде сельских жителей победила команда «Ловжанского»

Актуалии Спорт, туризм

Перамога лаўжанскіх спартсменаў
У суботу ў райцэнтры прайшла спартакіяда сярод сельскіх жыхароў, арганізаваная фізкультурна-спартыўным клубам “Здароўе”. За перамогу змагаліся шэсць каманд. Спаборніцтвы праходзілі па пяці відах.

СТРЫТБОЛ.  Добрая падрыхтоўка каманд забяспечыла напружаныя і цікавыя спаборніцтвы. Найбольш непрадказальную сустрэчу падарылі баскетбалісты з “Шумілінскага райаграсэрвісу” і “Лаўжанскага”, удача была на баку першых. У выніку спаборніцтвы па стрытболе выйграла каманда з райаграсэрвісу, дапоўнілі прызавую тройку “Лаўжанскае” і “Раднік”.

НАСТОЛЬНЫ ТЭНІС. Гэты від спорту заўсёды карыстаецца асаблівай любоўю ў аматараў актыўнага адпачынку. Адкрыццём  гэтага турніру стала сям’я Камінскіх з “Сіроцінскага”: Сяргей стаў трэцім сярод мужчын, Кацярына – другой сярод жанчын. Лепшымі тэнісістамі сталі Аляксей Бабарыка (“Лаўжанскае”) і Наталля Савінава (“АграБаравінка”). У камандным заліку першае месца – “Лаўжанскае”, другое – “АграБаравінка”, трэцяе – “Сіроцінскі”.

ГІРАВЫ СПОРТ.  Від спорту, у якім бяруць удзел моцныя мужчыны. Азарт і прага перамогі ўдзельнікаў зрабілі спаборніцтвы відовішчнымі. Лепшыя вынікі ў сваіх вагавых катэгорыях паказалі лаўжанцы Юрый Кляцкоў і Віктар Кавалёў. Яны і прынеслі перамогу “Лаўжанскаму” ў камандным заліку, другое месца ў гіравікоў з “Шумілінскага райаграсэвісу”, трэцяе – у “Сіроцінскага”.

ЛЁГКААТЛЕТЫЧНАЯ ЭСТАФЕТА. Сёлетняя зіма ўнесла свае карэктывы ў праграму спартакіяды: замест лыжнай эстафеты прайшла лёгкаатлетычная. Не так проста было лёгкаатлетам прабегчы свой этап ў такіх умовах. Менш чым секунду выйграў “Шумілінскі райаграсэрвіс” у каманды “Лаўжанскага”, трэці вынік у спартсменаў з “АграБаравінкі”.

ПЕРАЦЯГВАННЕ КАНАТА традыцыйна закрывае спартакіядную праграму. Перамога ў гэтым відзе лічыцца вельмі прэстыжнай, таму і каманды рыхтуюцца асабліва сур’ёзна. Тым больш, што ўсё адбываецца пры моцнай падтрымцы гледачоў. Усіх “перацягнулі” хлопцы з “Шумілінскага райаграсэрвісу”, другое месца ў каманды  “Лаўжанскае”, трэцяе – “Прыазёрнага міру”.
У агульным заліку спартакіяду сярод сельскіх жыхароў выйграла каманда з ААТ “Лаўжанскае”, на адзін бал апярэдзіўшы спартсменаў з  УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Трэцяе месца ў каманды з “АграБаравінкі”.
На закрыцці спартакіяды намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава уручыла кубкі,  дыпломы і грашовыя прэміі пераможцам і прызёрам і выказала ўпэўненасць, што наступныя спаборніцтвы сабяруць яшчэ больш удзельнікаў.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *