Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся на тэрыторыі нашага раёна, расказаў першы намеснік начальніка РАУС Ігар Аляксандравіч Шаціла.

Зверства
Пенсіянерка з в. Непароты патэлефанавала ў міліцыю і расказала пра зверства ў а.-г. Амбросавічы.  Яе дачку пабіў знаёмы з в. Чарнецкія: нанёс шматлікія ўдары кулакамі і нагамі па твары, целу і галаве. А ўсё з-за таго, што ў п’яным угары прыраўнаваў…
З цяжкімі закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі, ранамі і пераломамі пацярпелая дастаўлена ў бальніцу. Мужчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Супраць яго ўзбуджана  крымінальная справа па арт. 147 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”. Мужчыну пагражае пазбаўленне волі да 8 гадоў.

Прапала
Жыхарка Обалі паведаміла ў міліцыю, што яе дачка паехала на заробкі ў Расійскую Федэрацыю і прапала. Апошні раз жанчына тэлефанавала родным больш за паўтара месяца таму. Вядзецца вышук.

Абавязаная
Маці чатырох дзяцей была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Яна павінна была выплачваць грошы на дзяцей, пра якіх клапоціцца дзяржава. Аднак жанчына была не вельмі  ахвочая да работы прыбіральшчыцы – дапускала шматлікія прагулы. На яе ўзбуджана крымінальная справа па арт. 174 ч.2 “Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад выплаты расходаў на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні”. Жанчыне пагражаюць грамадскія або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў або абмежаванне волі да двух гадоў, або пазбаўленне волі да аднаго года.

Са зводак ДАІ

Непрышпіленыя
На аўтадарозе Р-20 супрацоўнікі ДАІ спынілі жыхара райцэнтра на аўтамабілі “Фальксваген”. Мужчына не быў прышпілены рамянямі бяспекі. Прычым, такое правапарушэнне здзейсніў паўторна на працягу года, за што яму пагражае штраф да 5 базавых велічынь. Не быў прышпілены і пасажыр, на яго складзены адміністрацыйны пратакол (штраф да 3 БВ).

На МАЗе
Жыхар Шуміліна, які на асабістым МАЗе паехаў у Мінск, стаў віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння. Мужчына наехаў на шлагбаум, пасля чаго з месца здарэння ўцёк. Парушальніку пагражае штраф ад 5 да 25 БВ або пазбаўленне вадзіцельскіх правоў да двух гадоў.

Без правоў
На вуліцы Юбілейная ў Шуміліне інспектары дарожна-патрульнай службы прыпынілі мясцовага жыхара, які ехаў на “Фальсвагене” без правоў. Як высветлілася, ён пазбавіўся іх некалькі месяцаў таму – ехаў за рулём нецвярозы. Цяпер мужчыну пагражае штраф ад 20 да 50 БВ.

Перакуліўся
Жыхар Віцебска, які ехаў на “Сузукі”, не ўлічыў складаныя дарожныя ўмовы (было слізка), з’ехаў у кювет і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў. А капот і дах машыны прыйдзецца рамантаваць. На вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *