Помочь сойти с кривой дорожки

Общество

З клопатам пра чалавека
За мінулы год з месцаў пазбаўлення волі на Шуміліншчыну вярнуліся больш за паўсотню чалавек. Сярод іх нямала такіх, хто здзейсніў злачынства ўпершыню і раскайваецца ў гэтым. “Такіх людзей трэба падтрымаць, дапамагчы зноў адаптавацца ў грамадстве, –  лічыць начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС М. М. Гумінскі. – Рэсацыялізацыя – значыць, вяртанне да ранейшага нармальнага жыцця. Многія прымаюць працягнутую руку дапамогі, але ж некаторыя па-ранейшаму з недаверам ставяцца да супрацоўнікаў міліцыі…”
Сталі рэгулярнымі прафілактычныя акцыі, накіраваныя на папярэджанне злачынстваў сярод асоб, якія ўжо аднойчы былі асуджаны. Напрыклад, летась супрацоўнікі РАУС  правялі акцыі “Альтэрнатыва”, “Правільны выбар – твая будучыня”. А сёлета з мэтай папярэджання рэцыдыўнай злачыннасці было праведзена спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Нагляд”, у ходзе якога міліцыянеры наведалі па месцы жыхарства больш за дзвесце чалавек, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Зафіксаваны шэраг парушэнняў з боку грамадзян, якія адбываюць пакаранні, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства. Былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы супраць асуджаных, якія парушалі правілы паводзін падчас пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ і яшчэ дзве крымінальныя справы – за незахаванне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Сёлета пяць раней судзімых жыхароў раёна накіраваны для медыка-сацыяльнай рэадаптацыі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Усе праводзімыя мерапрыемствы даюць станоўчыя вынікі. Сёлета ў раёне няма ніводнага злачынства, здзейсненага раней судзімымі. “Удзельная вага рэцыдыўнай злачыннасці  па лініі крымінальнага вышуку склала 15%, што амаль ў два разы ніжэй сярэднеабласнога ўзроўню, – гаворыць М. М. Гумінскі. – А ўзровень агульнай рэцыдыўнай злачыннасці ніжэй абласнога паказчыка ў паўтара раза”.
За гэтымі лічбамі – лёсы многіх людзей. Радуе, што многія з іх сталі на шлях выпраўлення. Напрыклад, Юрый, які быў судзімы за цяжкае злачынства, не хоча ўспамінаць пра сваё мінулае. “Гэта нібы страшэнны сон, – дзеліцца мужчына.  – Пасля адбыцця пакарання мне дапамаглі працаўладкавацца, вельмі падтрымалі родныя і сябры. І калі раней з насцярожанасцю адносіўся да міліцыі, то цяпер веру, што яны сапраўды могуць дапамагчы многім былым асуджаным. Так, як дапамаглі аднойчы мне”. Юрый пяты год пасля вяртання з няволі спакойна працуе, кахае, рупіцца пра дабрабыт сям’і, з боку праваахоўных органаў да яго ніякіх заўваг. Як, дарэчы, і да Аляксандра з Шуміліна, які пад прэвентыўным наглядам. Мужчына ўладкаваўся на работу, ажаніўся, пра яго калегі па рабоце гавораць як пра добрага работніка і шчырага чалавека. “Было, што аступіўся, – кажа Андрэй. – Быў асуджаны за разбой. Сёння сам сябе караю за такі ўчынак. Думаю, такога больш ніколі не паўторыцца. Стараюся сумленна працаваць і не парушаць закон”.
Зразумела, хацелася б, каб правільную жыццёвую пазіцыю выбралі ўсе былыя асуджаныя. Але жыццё далёкае ад ідэалу…
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *