Елена Скоринова со своими учениками дала концерт в университете имени Машерова

Актуалии Культура

Ва ўніверсітэт – з майстар-класам

На мінулым тыдні ва ўніверсітэце імя П. М. Машэрава праходзіў тыдзень педагагічнага факультэта, які быў напоўнены самымі разнастайнымі мерапрыемствамі. У панядзелак, напрыклад, студэнтка факультэта добра вядомая нам настаўніца па класу цымбал Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Скорынава давала майстар-клас.
Атрымалася такая своеасаблівая прэзентацыя работы педагога, бо яна прывезла з сабой не толькі сваю музычную сям’ю, але і ўсіх без выключэння вучняў: ад самай маленькай Алесі Жукавай да такіх ужо вопытных выступоўцаў, пераможцаў шматлікіх конкурсаў, як Ксенія Храмцова, Алена Дзмітрыенка, Дзіяна Пушнякова, Ліза Дземінёва і інш. Настаўніца хацела прадэманстраваць, што зацікавіць, навучыць музыцы можна любое дзіця, што ў яе няма спецыяльна, нейкім асаблівым чынам падрыхтаваных толькі для ўдзелу ў конкурсах вучняў, што абсалютна ўсе навучаны і могуць выходзіць на сцэну. Больш таго, яны ўсе, як аказалася, любяць гэта – выступленне перад гледачамі, апладысменты залы, яны ўжо адчулі так званы смак сцэны, гэтыя ні з чым непараўнальныя пачуцці ад аддачы ўдзячнага гледача. І наўрад ці яны ўжо змогуць адмовіць сабе ў гэтым. І Алена Ігараўна кажа, што выступленні, удзел у конкурсах надзвычай стымулююць дзяцей, дадаюць ім імпэту працаваць з яшчэ большым запалам.
Выйшла, што студэнты і выкладчыкі факультэта трапілі на выдатны канцэрт, дзе ад нумара да нумара ўзрастала эмацыянальнае напружанне, дзе ўдалося атрымаць сапраўдную асалоду ад сустрэчы з музыкай. Акампанавала цымбалістам канцэртмайстар Ганна Красоўская. Села за раяль і яе вучаніца Маша Скорынава, якая проста зачаравала ўсіх сваёй віртуознай, па-сапраўднаму прафесійнай ігрой. Буру апладысментаў сарвала выступленне сямейнага ансамбля Скорынавых “Чароўныя музыкі”, выступала і Вольга Скорынава, выпускніца Віцебскага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага, і яе кіраўнік, былы вучань Алены Ігараўны Сяргей Цімашэнка.
Думаецца, што гэта сустрэча аказалася важнай і для тых, хто выходзіў на сцэну, і для самой Алены Скорынавай, і для ўсіх, хто сядзеў у зале. У многіх проста выраслі крылы для здзяйсненняў, для ўвасабленняў мар, для нястомнай працы, якая заўжды прыводзіць да выдатных вынікаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2016 г.

На здымку: Алена Скорынава з самай малодшай вучаніцай Алесяй Жукавай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *