В Шумилинском районе прошёл координационный совет по реализации Декрета №18

Общество Президент

Выпрацаваць эфектыўны механізм работы
18 сакавіка ў малой зале райвыканкама прайшло пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Пасяджэнне правяла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Удзел у рабоце ўзяла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама член абласнога каардынацыйнага савета Тамара Аляхновіч.
Градус напалу гаворкі атрымаўся надзвычай высокім. Пайшоў дзясяты год рэалізацыі Дэкрэта, а ўсё яшчэ нельга канстатаваць, што работа ў гэтым накірунку набыла ўласцівасці зладжанага эфектыўнага механізму. На гэтым, адкрываючы пасяджэнне, завастрыла ўвагу Ірына Іванаўна. Яна заўважыла, што ад агульных слоў трэба пераходзіць да канкрэтнай работы, гэту ж думку падтрымала і Тамара Вітальеўна.
У ходзе абмеркавання былі вызначаны напрамкі работы, якія патрабуюць карэкцыі і ўдасканалення, недапрацоўка па якіх не дазваляе Шумілінскаму раёну выйсці з аўтсайдараў у рабоце па рэалізацыі Дэкрэта. Найперш гэта ўзаемадзеянне паміж зацікаўленымі службамі і ведамствамі, якое, здаецца, і наладжана, але ўсе ж не даведзена да аўтаматызму. Як толькі выяўляецца факт сямейнай нядобранадзейнасці, у самы кароткі тэрмін пра яго павінны ведаць усе адказныя. Такая аператыўнасць дазволіць больш якасна і хутка вырашаць праблему.
Другое набалелае пытанне – гэта спагнанне з абавязаных асоб сродкаў, якія дзяржава затраціла на выхаванне іх дзяцей. Сёння гэта лічба складае 29%, і яе ніяк нельга прыняць. Нават той факт, што ў нашым раёне адзін з самых нізкіх заробкаў у вобласці, што зарплата часта не выплачваецца ў тэрмін і не заўжды грашыма, нікога не пазбаўляе ад адказнасці пералічваць неабходныя сродкі. Ірына Іванаўна, у сваю чаргу, “западозрыла” некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў, дзе ўладкаваны абавязаныя, у тым, што не заўжды за невыкананнем гэтага патрабавання Дэкрэта стаяць аб’ектыўныя прычыны. Сітуацыю ўскладняе і тое, што пяць абавязаных асоб знаходзяцца ў вышуку, а на іх “рахунку” – больш за 440 мільёнаў даўгоў дзяржаве.
Яшчэ адна праблема – прагулы. Т. В. Аляхновіч назвала іх колькасць самай вялікай у вобласці, адпаведна і колькасць неадпрацаваных прагулаў таксама высокая. З той пары, як абавязаных асоб за прагулы сталі прыцягваць да крымінальнай адказнасці, колькасць прапушчаных працоўных дзён зменшылася ў тры разы, заўважыў начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка. Але чамусьці гэта не паўплывала на лічбу спагнанняў, якая наадварот зменшылася. Але Тамара Вітальеўна настойвала на тым, што прагулаў быць не павінна, што людзі ў абавязковым парадку павінны іх адпрацаваць, што трэба выпрацаваць дакладны механізм такой адпрацоўкі. І кантраляваць гэты працэс. Асабліва, калі сітуацыя не крытычная, а тычыцца 1-2 прагулаў. Было вырашана арганізаваць штотыднёвы кантроль за прагуламі.
Наогул, калі гаворка ідзе пра ўсе гэтыя праблемныя моманты, маюцца на ўвазе ўсяго 10-15% ад тых, хто трапіў у катэгорыю абавязаных асоб. Гэта людзі, якіх цяжка матываваць, неяк на іх паўплываць. З усімі астатнімі магчыма працаваць. Галоўнае – каб усе службы і ведамствы, усе зацікаўленыя ў поўнай меры выконвалі абавязкі, ускладзеныя на іх Дэкрэтам, выказала ўпэўненасць Тамара Аляхновіч.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 29.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *