Горит земля. Шумилинские спасатели работают в усиленном режиме

Актуалии Экология

Гарыць трава!
Для работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях сакавіцка-красавіцкія дні самыя напружаныя і небяспечныя: практычна кожную гадзіну выязджаюць на тушэнне сухой расліннасці ці смецця.
У панядзелак, 28 сакавіка, у прафілактычным рэйдзе разам з выратавальнікамі пабывала і карэспандэнт раённай газеты. Мы наведалі вёскі Каўлякоўскага і Сіроцінскага сельсаветаў. “Кожны дзень нашы рэйдавыя групы выязджаюць у розныя канцы раёна, – расказаў начальнік РАНС А. І. Сасновіч. – Задача выратавальнікаў – папярэдзіць пажар. Дзеля гэтага ўважліва аглядаем мясцовасць, палеткі. Заўважылі агонь – выклікаем на падмогу калег”.
На тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета ў гэты дзень было спакойна. Праўда, па дарозе мы заўважылі згарэлую траву на абочыне ў Навіках і Полькавічах.
У Крывым Сяле і Бондараве мясцовыя жыхары спальвалі сухую лістоту. Як і патрабуюць правілы бяспекі, за вогнішчам сачылі. Першы намеснік начальніка РАНС Р. Л. Жук правёў з вяскоўцамі прафілактычныя гутаркі, расказаў пра адказнасць, якая пагражае за спальванне сухой травы: падпальшчыкам пагражае штраф ад 10 да 40 БВ.
У Сіроціне зусім іншая карціна: пажар заўважылі спачатку ля аднаго дома, праз некалькі хвілін “пацягнула” дымком з другога канца вёскі. У абодвух выпадках траву запалілі самі гаспадары. Яны, як кажуць, былі злоўлены на месцы падпалу. “Абодвум гаспадарам прыйдзецца заплаціць штраф памерам у 2 мільёны 100 тысяч рублёў”, – патлумачыў А. І. Сасновіч. Дарэчы, на два дні раней у гэтай жа вёсцы выратавальнікамі быў складзены адміністрацыйны пратакол на мясцовую жанчыну. Таксама за выпальванне сухой травы.
28 сакавіка для супрацоўнікаў РАНС быў “гарачым” днём –  выязджалі больш за дваццаць разоў на тушэнне сухой расліннасці і смецця ў Обаль, Грудзінава, Захарава, Плігаўкі, Сіроціна, Язвіна, Мішневічы, Шуміліна, Мікалаева, Башні і некаторыя вёскі Полацкага раёна, якія размешчаны на мяжы з нашым. Дарэчы, у Обалі ў гэты дзень згарэла гаспадарчая пабудова. Прычынай пажару стала менавіта выпальванне сухой травы.
Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях працуюць зараз ва ўзмоцненым рэжыме. Практычна кожны дзень у вёсках раёна праводзяцца сельскія сходы, дзе тлумачыцца людзям, што выпальванне травы можа прывесці да трагедыі. На варце пажарнай бяспекі ў нашым раёне стаяць і работнікі лясгаса. У прыватнасці, леснікі кожны дзень абыходзяць свае ўладанні. А непадалёк ад лясгаса на спецыяльнай вышцы ўсталявана камера  відэаназірання, якая працуе ў кругласутачным рэжыме, запэўніў дырэктар лясгаса І. Я. Папок.  Па словах спецыялістаў РАНС, меры супрацьпажарнай бяспекі прыняты і абласным упраўленнем па надзвычайных сітуацыях. У прыватнасці, па вобласці вядзецца авіяпатруляванне, што дазваляе здалёк убачыць пажар і своечасова накіраваць тэхніку на яго тушэнне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 26 ад 01.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *