Жаворонок полевой, ржанка золотистая, сокол-дербник. Кто из них будет птицей Шумилино?

Актуалии Общество Экология

Жаўрук палявы, сеўка залацістая, сокал-дрымлюк. Хто з іх будзе птушкай Шуміліна?

Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”(АПБ) сёлета спраўляе дзесяцігадовы юбілей. У мінулую суботу ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі прайшла справаздачная канферэнцыя раённага аддзялення АПБ.
Перад пачаткам канферэнцыі жадаючыя маглі паўдзельнічаць у майстар-класе па лепцы з гліны “Гогаль – птушка 2016 года”, прыгатаванні “Жаўрукоў з цеста”, бодзі-арце “Любімая птушка”, арыгамі “Птушкі Беларусі” і па вырабе гагалятнікаў.  Многіх зацікавілі і прапанаваныя выставы “Гісторыя аддзялення на старонках раённай газеты “Герой працы», “Птушкі ў творчасці сяброў аддзялення”, фотавыстава АПБ “Таямнічы свет кажаноў”.
Інфармацыйны супрацоўнік АПБ Вікторыя Церашонак прадставіла прэзентацыю “Што такое АПБ?”. У прыватнасці, яна адзначыла, што на сённяшні дзень арганізацыя аб’ядноўвае звыш трох тысяч членаў, працуе 14 рэгіянальных аддзяленняў, створана больш за 120 клубаў “Крылаты дазор”. Вікторыя Церашонак расказала пра найбольш важныя мерапрыемствы, у якіх актыўна ўдзельнічаюць сябры грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Са справаздачай выступіла старшыня раённага аддзялення ГА АПБ Іна Сінкевіч. Таксама былі  вызначаны накірункі работы на гэты год, найбольш масавымі павінны стаць такія мерапрыемствы, як “Салаўіныя вечары” і “Ноч кажаноў”. Шмат увагі будзе ўдзяляцца і новаму праекту АПБ “Захавальнікі тэрыторый”, што ўзяў старт у нашым раёне.
На канферэнцыі кандыдат біялагічных навук, член савета Віцебскага гарадскога аддзялення ГА АПБ, арнітолаг Уладзімір Іваноўскі расказаў пра свет балот Шумілінскага краю, Вікторыя Церашонак падрабязна спынілася на рэспубліканскіх кампаніях арганізацыі.
Цікава прайшло абмеркаванне птушкі, якая стане сімвалам Шумілінскага раёна. Нагадаем, што арнітолагі прапанавалі пяць птушак – жаўрука палявога, арла-маркута, сеўку залацістую (ржанка золотистая-рус.), сокала-дрымлюка (дербник – рус.) і гогаля звычайнага. Сябры раённага аддзялення  больш выказваліся за палявога жаўрука.  А вось Уладзімір Іваноўскі адзначыў, што птушка раёна павінна не толькі паказваць самабытнасць і непаўторнасць раёна, а і прыцягваць турыстаў. “На мой погляд, у гэтым плане цікава будзе турыстам сокал-дрымлюк”, – падкрэсліў Уладзімір Іваноўскі. Па выніках галасавання вызначыліся тры фаварыты – жаўрук палявы, сеўка залацістая і сокал-дрымлюк. Прагаласаваць за птушку Шуміліна можа любы жадаючы на сайце раённай газеты «Герой працы»
(www.shumilino.by) ці на сайце АПБ (www.ptushki.org).
Работу раённага аддзялення ГА АПБ за справаздачны перыяд прызналі здавальняючай. На канферэнцыі быў абраны новы савет аддзялення, старшынёй раённага аддзялення ГА АПБ абрана Наталля Пятроўская, метадыст раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Жаворонок полевой


Ржанка золотистая


Сокол-дербник

Надрукавана ў №29 ад 12.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *