Агроэкотуризм. С чего начать.

Общество Экономика

З чаго пачаць справу?
Дзе правесці водпуск ці выхадныя – пытанне, якое асабліва хвалюе з прыходам цёплых вясенніх дзянькоў. Некага маніць мора, экзотыка замежных краін. Але ўсё больш беларусаў аддае перавагу вандроўкам па родных мясцінах.
Упэўнены, адпачыць на аграэкасядзібе ў маляўнічым кутку ля Браслаўскіх ці Нарачанскіх азёр згадзяцца многія. А чым горшая прырода ў нас на Шуміліншчыне? Да таго ж ёсць вопыт работы аграэкасядзіб.
“Калі нехта мае жаданне пераўтварыць сваю сядзібу ў гасцінны куток адпачынку, хай смела бярэцца за справу”, – раіць начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў. Сяргей Уладзіміравіч патлумачыў, што згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года за № 372 “Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь” займацца паслугамі ў сферы аграэкатурызму могуць вяскоўцы, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку, а таксама сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. Пры гэтым іх дзейнасць па аказанні такіх паслуг не з’яўляецца прадпрымальніцкай, але ёсць асобныя патрабаванні:
– жылы дом павінен адказваць санітарным і тэхнічным умовам і мець свабодныя жылыя пакоі для размяшчэння турыстаў;
– павінна быць асабістая падсобная гаспадарка;
– ёсць магчымасці для азнаямлення турыстаў з прыродай, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі сваёй мясцовасці.
Што далей? Неабходна напісаць пісьмовую заяву аб сваім намеры ў мясцовы сельскі Савет дэпутатаў, заплаціць збор (залічваецца у бюджэт сельвыканкама) у памеры адной базавай велічыні за каляндарны год. Трэба падаць заяву аб пастаноўцы на ўлік у падатковы орган па месцы жыхарства.
Калі ж для арганізацыі паслуг па аграэкатурызму вам не хапае сродкаў, можна ўзяць мэтавы крэдыт пад 5% з тэрмінам пагашэння да 7 год у Белаграпрамбанку.
Толькі перш, чым рушыць за крэдытам, трэба звярнуцца ў раённую камісію пры райвыканкаме. Заява разглядаецца рабочай групай і выносіцца рашэнне аб мэтазгоднасці і неабходнасці выдачы такога льготнага крэдыту менавіта вам. У крэдытны аддзел банка вы павінны прыйсці з гэтым рашэннем. А яшчэ спатрэбіцца пацвердзіць сваю плацежаздольнасць, знайсці паручыцеляў.
Дарэчы, аграэкатурызм можна аформіць і як індывідуальнае прадпрымальніцтва або як прыватнае прадпрыемства. Для гэтага найперш трэба зарэгістравацца.
Падрыхтавала
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *