В Шумилинское озеро выпустили мальков карпа и белого амура

Общество Экология

Карпы і белыя амуры – у Шумілінскае возера
Ініцыятарам зарыблення Шумілінскага возера стаў мясцовы жыхар і заядлы рыбак Аляксей Іваноў. Разам з сябрамі ён вырашыў сабраць грошы, каб купіць малькоў карпа і запусціць іх у возера.
”Былі сабраныя грошы на трыццаць кілаграмаў малькоў, – расказаў Аляксей. – Але знаёмыя  і суседзі сяброў выказалі жаданне таксама паўдзельнічаць у зарыбленні возера. У добрай акцыі прынялі ўдзел не толькі жыхары райцэнтра, але і віцябляне, якія часта прыязджаюць да сваякоў у Шуміліна і любяць пасядзець з вудай на возеры. Такім чынам літаральна за тыдзень было сабрана крыху больш як восем мільёнаў рублёў. Гэтых грошай хапіла на 120 кілаграмаў малькоў – гэта больш за чатыры тысячы карпаў і белых амураў. Іх заказалі ў рыбгасе “Навінкі”, што знаходзіцца ў Пастаўскім раёне”.
У той дзень работнікі рыбгасу, што прывезлі малькоў, вылоўлівалі іх сачком з вялікага кантэйнера, высыпалі ў асобную ёмістасць, а потым узважвалі. Больш за трыццаць рыбакоў, якія сабраліся паўдзельнічаць у акцыі, уважліва сачылі за вагаю: 120 кілаграмаў – усё правільна. І кожны лічыў за шчасце занесці рыбную моладзь да возера і выпусціць у водную прастору. Сярод карпаў і белых амураў  зрэдку трапляліся і сомікі.  Рыбакі вельмі радаваліся, што і такая рыба будзе разводзіцца ў возеры.
Ад сталых жыхароў райцэнтра мы даведаліся, што зарыбленне возера праведзена ў райцэнтры ўпершыню, што карпы і амуры ўвогуле ніколі не жылі ў мясцовым возеры. Хочацца верыць, што яны добра прыжывуцца і размножацца.
Удзельнікі акцыі мелі просьбу да ўсіх тых, хто любіць пасядзець з вудай на Шумілінскім возеры: “Калі на кручок трапяцца маленькія рыбкі, пашкадуйце іх і выпусціце назад у возера – няхай падрастаюць. Хочацца ж, каб нашы старанні па зарыбленні не былі марнымі, каб возера было багатым на рыбу. Тым больш, што і чакаць не так многа: да восені карпы і амуры павінны набраць вагу да паўкілаграма”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 32 ад 22. 04. 2016 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *