На сессии районного Совета депутатов рассмотрен вопрос о состоянии преступности в районе.

Актуалии Президент

Правапарадак. Грамадская бяспека
25 сакавіка адбылася чарговая 10-я сесія раённага Савета дэпутатаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта  Вальдэмар Антонавіч Падляшчук і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ягоравіч Ацясаў.
Пытанне “Аб стане злачыннасці і мерах па забеспячэнні грамадскага парадку, ахове дзяржаўнай маёмасці, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян” найперш было ў полі зроку дэпутатаў раённага Савета і запрошаных. Разгорнуты аналіз па тэме зрабіў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў.
У прыватнасці, было адзначана, што ў раёне ў цэлым за пяць апошніх год   назіраецца тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці (з 450 выпадкаў у 2006 годзе да 310 у 2010), што, на думку Яўгена Юр’евіча,  з’яўляецца следствам скаардынаванай прафілактычнай работы і паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва.
Тым не менш, аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна застаецца напружанай. 89 злачынстваў з 221, здзейсненых у раёне па лініі крымінальнага вышуку, застаюцца нераскрытымі. У сувязі з гэтым Я. Ю. Гуляеў назваў работу РАУС недастатковай.
Аналізуючы такі від злачынстваў, як крадзяжы (а іх удзельная вага ад усіх зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку ў 2010 годзе злачынстваў склала 76%), пракурор адзначыў, што злачынствам спрыяе бяспечнасць уладальнікаў маёмасці. Часта прадпрыемствы і арганізацыі не прымаюць нават элементарных мер па захаванні дзяржаўных матэрыяльных каштоўнасцей. Аб гэтым красамоўна сведчаць шматлікія факты безгаспадарчасці, безадказнасці і адсутнасці дысцыпліны, прыведзеныя дакладчыкам і паказаныя на слайдах. У сувязі з гэтым пракурор раёна яшчэ раз зрабіў акцэнт на патрабаваннях Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
У дакладзе грунтоўны аналіз быў дадзены рабоце РАУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі, па дарожнай бяспецы.
Не адмаўляючы той работы, што праводзіцца аддзелам унутраных спраў райвыканкама і іншымі зацікаўленымі структурамі, дзейнасць па прафілактыцы правапарушэнняў, па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны была названа пракурорам недастатковай. Асабліва гэта датычыцца  работы з асобамі, якія раней былі судзімымі.
Першаступеннае значэнне мае пытанне аб прафілактыцы п’янства, бо злоўжыванне спіртным вядзе да заўчаснай гібелі людзей, няшчасных выпадкаў, здзяйсненняў злачынстваў. Гэта трывога гучала ў выступленнях амаль кожнага, хто падымаўся на раённую трыбуну.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі паабяцаў, што РАУС будзе ставіцца больш жорстка і бескампрамісна да ўсіх парушальнікаў правапарадку.
У абмеркаванні злабадзённай тэмы таксама прынялі ўдзел дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Кіраўскай выбарчай акругі № 3, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Л. А. Грузневіч, старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч, старшыня ААТ “Прыазёрны мір” В. В. Юхнавец, дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Маладзёжнай выбарчай акругі № 9, першы сакратар райкама ГА БРСМ Ю. С. Галуза.
Выступаючыя гаварылі аб праблемах, выказвалі сваё бачанне іх вырашэння. В. В. Юхнавец, напрыклад, расказаў аб узаемадзеянні гаспадаркі з міліцыяй, сельскім Саветам, школай, іншымі ўстановамі па барацьбе са злачыннасцю. Ён паведаў, што ў гаспадарцы ёсць 6 сваіх дружыннікаў, якія дзяжураць на дыскатэках, кантралююць вартавую ахову. Гаспадарка заахвочвае такіх людзей, што прадугледжана калектыўным дагаворам.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў у сваім выступленні зрабіў акцэнт на арганізацыі вольнага часу насельніцтва, на развіцці спартыўнай базы, асабліва на сяле, на рабоце ўчастковых міліцыянераў, якія часта не жывуць на сваіх участках, не ведаюць, што робіцца на месцах, відаць, таму і няма сёння аніськіных. Аляксандр Ягоравіч засяродзіў увагу і на некаторых пытаннях дэмаграфічнай бяспекі, у прыватнасці, на кіруемых прычынах смерці. Ён паведаў, што толькі за 2010 год у вобласці 241 чалавек загінуў на пажары, 412 атруціліся алкаголем, 383 (у тым ліку 9 дзяцей) пакончылі жыццё самагубствам, 224 затанулі, 64 чалавекі сталі ахвярамі забойстваў. Усе гэтыя людзі маглі і павінны былі жыць.
Падводзячы рысу пад абмеркаваннем пытання аб стане злачыннасці і мерах па забеспячэнні грамадскага парадку, старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук падкрэсліў, што важна разумець корань зла, ведаць, чаму чалавек ідзе на злачынства, важна рабіць усё, каб папярэдзіць з’явы парушэння правапарадку ў раёне. Як кіраўнік раёна Вальдэмар Антонавіч бачыць задачу органаў улады па ўмацаванні прыцягальнасці раёна, па больш дзейснай рабоце з моладдзю, арганізацыі яе вольнага часу, развіццю фізкультуры і спорту.
Адзначаючы, што ў раёне створаны сістэма, што з боку дзяржаўных і праваахоўных органаў вядзецца мэтанакіраваная работа па барацьбе са злачыннасцю, па ўмацаванню законнасці і правапарадку, кіраўнік раёна тым не менш перакананы, што гэту работу трэба ўдасканальваць, павышаць адказнасць і дысцыпліну, як таго патрабуе Дырэктыва Прэзідэнта краіны №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.
Пасля абмеркаванняў дэпутаты раённага Савета прынялі рашэнне па акрэсленаму пытанню.
Дэпутаты таксама зацвердзілі раённыя праграмы на 2011–2015 гады – Праграму развіцця сістэмы адукацыі, Праграму “Культура”, Праграму па паляпшэнні ўмоў і ахове працы, Праграму дзяржаўнай падтрымкі малага прадпрымальніцтва, а таксама Праграму комплекснага добраўпарадкавання “Двары” Шумілінскага раёна на 2011 год; абмеркавалі іншыя пытанні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №23 ад 29.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *