В «малых» олимпиадах приняли участие 472 ученика Шумилинского района

Молодёжь Образование

27 дыпломаў I ступені
У раёне падведзены вынікі “малых” алімпіяд сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, мэта якіх – ранняе выяўленне здольных і таленавітых дзяцей для далейшага паспяховага іх удзелу ў алімпіядным руху на розных узроўнях.
Па інфармацыі, пададзенай галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксаны Талстой, сёлета ўдзел у “малых” алімпіядах прынялі 472 вучні з 16 навучальных устаноў раёна. Па выніках работ былі вызначаны 184 прызавыя месцы: 27 чалавек атрымалі дыпломы I ступені (у 2015 годзе – 16), 76 – II ступені і 81 – III ступені. Яшчэ 59 удзельнікаў былі ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі.
“Ступень дыплома залежала ад працэнта выканання алімпіядных заданняў, – заўважыла Аксана Генадзьеўна. – Так, згодна з Палажэннем пры выкананні ад 51 да 65% прысуджаецца дыплом III ступені, ад 66 да 79% – II ступені і ад 80 да 100% – дыплом I ступені”.
Найбольшая колькасць дыпломаў I ступені – 13 – у вучняў Шумілінскай СШ №1, наогул у іх 84 дыпломы. Хаця калі браць у працэнтных адносінах ад колькасці ўдзельнікаў і атрыманых дыпломаў, лідзіруе ўсё ж каманда раённай гімназіі. У іх 60% удзельнікаў сталі пераможцамі, у той час як у СШ №1 – 38%.
Такім чынам, дыпломаў I ступені ў гімназіі – 9, у Обальскай школы – 3, у Башнёўскай і Амбросавіцкай школах – па аднаму.
Па словах А. Г. Талстой, добрыя вынікі прадэманстравалі таксама вучні Слабадской і Язвінскай школ, прыемна, што прызавое месца – дыплом II ступені па матэматыцы – змог сёлета заваяваць вучань Льнозаводскай пачатковай школы.
Што тычыцца вучэбных прадметаў, то самымі “прызавымі” сталі замежныя і руская мовы. Павялічылася ў параўнанні з мінулымі гадамі колькасць пераможцаў у матэматыцы. А вось самым сціплым быў удзел вучняў у алімпіядзе па інфарматыцы – пажадалі паспытаць свае сілы ўсяго толькі 6 чалавек.
Хочацца назваць прозвішчы некаторых заслужаных пераможцаў, якія прадэманстравалі даволі прыстойныя веды па вучэбных прадметах. Уразілі членаў журы алімпіядныя работы: вучня чацвёртага класа СШ №1 Улада Голубева (англійская мова, настаўнік А. І. Скальзаева, заданне выканана на 94,5%), шасцікласніцы СШ №1 Дар’і Толсташавай (інфарматыка, Н. В. Багданава, 92%), шасцікласніцы з гімназіі Вольгі Сяньковай (беларуская мова, А. У. Васілеўская, 86%), гімназіста-пяцікласніка Яўгена Кузняцова (матэматыка, П. А. Кавалёва, 84%), васьмікласніцы СШ №1 Карыны Лінкевіч (хімія, С. А. Шуляр, 84%), дзевяцікласніка Башнёўскай СШ Антона Міраненкі (гісторыя, Д. А. Арлоў, 80%), вучаніцы восьмага класа Обальскай СШ Вольгі Войчанка (руская мова, Н. В. Баранава, 80%) і інш.
*   *   *
23 красавіка 14 сёлетніх выпускнікоў школ нашага раёна прынялі ўдзел у абласной алімпіядзе, якую праводзіць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Прыемна адзначыць, што чацвёра адзінаццацікласнікаў-гімназістаў сталі прызёрамі і атрымалі дыпломы. Так, дыпломы II ступені па біялогіі прывезлі Міхаіл Лінаў, Лаліта Сімановіч і Аліна Траццякова, дыплом III ступені па англійскай мове – у Прохара Навіцкага.
Перамогі ў падобнай алімпіядзе даюць дадатковы “бонус” пры паступленні ў ВДУ: пры аднолькавых балах з іншымі абітурыентамі перавага будзе ў дыпламантаў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *