На сессии Ловжанского сельского Совета депутатов – судьбы детей и сельские подворья

Общество Президент

Ловжанский сельисполком

Лёс дзяцей і вясковыя падворкі
На парадак дня сесіі Лаўжанскага сельсавета, якая праходзіла на гэтым тыдні, былі вынесены дзве злабадзённыя праблемы. Першая — па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.
Дакладвала дэпутатам сакратар мясцовай камісіі па справах непаўналетніх Г. Г. Карбоўская. Дзейсным сродкам барацьбы з такім злом, як п’янства ў сям’і, дзе малыя дзеці, сказала Галіна Генадзьеўна, з’яўляюцца рэйды “Падлетак”,”Сям’я”, “Бяспечнае цяпло”, “Апека”. Але самі па сабе рэйды — не панацэя ад “хваробы”, патрэбны іншыя “звенні” выхаваўчага ланцуга.
Менавіта аб разнастайнай рабоце па кантролю за нядобранадзейнымі сем’ямі расказвалі ўчастковы інспектар В. А. Зубараў, дырэктары Лаўжанскай школы-дзіцячы сад Н. В. Мясаедава і Мікіціхінскай сярэдняй школы В. М. Асташонак, Добрынскай пачатковай школы-дзіцячы сад Н. Г. Бегунова і загадчыца Мікіціхінскага дзіцяга сада В. Ф. Царонак.
У Добрынскай школе, напрыклад, рыхтуюць змястоўныя бацькоўскія сходы з тым, каб нагадаць бацькам пра іх абавязкі, праводзяць дзелавыя гульні “Быт або не быць?”, наладзілі работу дыскусійнага клуба. Праўда, у адзін момант сітуацыю не паправіць, патрэбна карпатлівая і настойлівая работа.
У Лаўжанскай СШ  традыцыйнымі сталі спартыўныя святы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, выходзіць насценная газета “Падлетак і закон”. Каб павысіць педагагічную культуру бацькоў, у школе аформлены стэнд “Для вас, бацькі”. Пажадана, каб больш актыўна вёў прафілактычную работу ў школах і садках участковы інспектар В. А. Зубараў, размаўляў з праблемнымі дзецьмі не толькі па выкліках са школы. Гэта — вытрымка з выступлення дырэктара Н. В. Мясаедавай.
А вось кіраўнік Мікіціхінскай СШ В. М. Асташонак папрасіла дырэктара ААТ “Лаўжанскае” ўздзейнічаць на нядбайных бацькоў “рублём”, заахвочваць тых, хто сур’ёзна займаецца праблемамі сваёй сям’і. Можа, нават увесці гэтыя меры ў калектыўны дагавор. Дырэктар ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенка паабяцаў спрыяць рашэнню важнай выхаваўчай праблемы.
Па азначаным пытанні парадку дня сесіі выступілі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў, першы намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла.
Другая праблема, якая хвалюе дэпутатаў мясцовага звяна, — развіццё падсобных гаспадарак грамадзян. З дакладам выступіла старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко. Святлана Паўлаўна ўхваліла пазіцыю, якую заняў па гэтым пытанні дырэктар ААТ “Лаўжанскае” А. В. Аляксеенка. У гаспадарцы для тых, хто актыўна здае малако дзяржаве, завозіцца на пачатку лета па тры тоны сена на карову, салома, выдаецца збожжа за здадзенае цяля, даюцца ў крэдыт з растэрміноўкай плацяжоў цялушкі для работнікаў гаспадаркі, выпісваецца гной на палі, аказваюцца многія іншыя льготныя паслугі. Сёння ў севазварот гаспадаркі выведзена 96 гектараў былых прысядзібных участкаў. У 2010 годзе гаспадарка выдзеліла для падворкаў 468 тон сена, прадала 6 кароў. Усе прымаемыя меры спынілі негатыўную тэндэнцыю змяншэння пагалоўя ў прыватным сектары на тэрыторыі сельсавета.
Перад дэпутатам выступіла брыгадзір, а па сумяшчальніцтву спецыяліст па вядзенню асабістых падсобных гаспадарак грамадзян ААТ “Лаўжанскае” Г. М. Бядрыцкая. За 2010 год здалі вяскоўцы 220 тон малака, сказала на сесіі Галіна Мікалаеўна. Ёсць нямала падворкаў, адкуль здаюць па 6-11 тон малака. Многія здаюць у гаспадарку цялятак, маюць ад гэтага не толькі даход, а і бясплатнае збожжа. А кіраўнік гаспадаркі А. В. Аляксеенка пайшоў далей: прапанаваў іншую, больш прымальную схему выпасу вясковых гуртоў. “Непарадак, калі кароў навязваюць, дзе каму ўздумаецца, — сказаў Аляксандр Віктаравіч. — Гаспадарка набудзе і бясплатна перадасць электрапастух, вы-дзеліць двух пастаянных пастухоў. Гэта выгадна для сяльчан, не будзе і анархіі…”. Прапанова добрая, яна мае пад сабой разумны сэнс. Праўда, аграгарадок Мікіціха, у прыватнасці, — мястэчка вялікае, раскіданае, таму будзе, відаць, праблемным сабраць у адзін гурт усіх кароў. Але наводзіць з гэтым парадак усё ж трэба.
Па пытаннях парадку дня сесіі прыняты адпаведныя рашэнні.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №24 (8890) ад 01.04.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *