«Прямую линию» провело руководство Витебской области и Шумилинского района

Актуалии Общество Президент

Не задавальняе работа спецыялістаў на месцах
“Прамая лінія” старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва ў мінулую суботу пачалася з аналізу выканання даручэнняў па выніках папярэдніх размоў з жыхарамі вобласці.

Было адзначана істотнае зніжэнне колькасці зваротаў, па выніках разгляду пытанняў былі прыцягнуты да адказнасці два работнікі жыллёва-камунальных службаў на месцах, адзін – звольнены.
Амаль тры дзясяткі званкоў, сярод якіх традыцыйна пераважалі пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі: дзесьці перабоі з вадой, дзесьці прарвала каналізацыю ці водаправод. Некалькі пытанняў тычыліся аплаты жыллёва-камунальных паслуг і прыватызацыі жылля, выдзялення участкаў пад будаўніцтва дома ці субсідыі на будаўніцтва. Тэлефанавалі пераважна з Віцебска (13 званкоў), а таксама з Віцебскага і Чашніцкага раёнаў (па 4), Докшыцкага (2), Лёзненскага, Глыбоцкага, Міёрскага, Талачынскага, Браслаўскага раёнаў, з Наваполацка.
Многія пытанні абгрунтаваныя і маюць грамадскае значэнне, падкрэсліваў старшыня аблвыканкама і даваў даручэнні па іх вырашэнні. Так, адзін з заяўнікаў прасіў палепшыць транспартнае забеспячэнне віцебскага мікрараёна Медцэнтр. Складаная сітуацыя ў г. п. Сураж Віцебскага раёна, які падзелены Дзвіной і сувязь паміж дзвюма часткамі пасёлка адсутнічае. Уладкаванне паромнай пераправы зацягнулася з-за запаўнення вадасховішча Віцебскай ГЭС, жыхары пасёлка вымушаны аб’язджаць праз Віцебск (больш за 100 км).
Абурэнне кіраўніка вобласці выклікаў званок з в. Астраўкі Віцебскага раёна, жыхарка якой скардзілася, што ў яе двары 6 мая прарвала водаправод, а службы ЖКГ не спяшаюцца ліквідаваць парыў. Выехаць і ліквідаваць аварыю неадкладна – даручыў ён мясцоваму кіраўніцтву.
Разам з тым былі пытанні дробязныя, ці такія, па якіх заяўнікам ужо не аднойчы даваўся адмоўны адказ, з імі спынена перапіска. Але заяўнікі працягваюць скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. Нават у такіх выпадках кіраўнік вобласці даваў даручэнні абласным службам разабрацца ў апошні раз і даць канчатковы адказ.
Падводзячы вынікі трохгадзіннай размовы, Мікалай Шарснёў адзначыў, што зноў і зноў узнікае незадаволенасць работай спецыялістаў на месцах. Цяпер усе разумеюць сітуацыю, разумеюць, што некаторыя праблемы вырашыць складана. Як заўважыў кіраўнік вобласці, трэба размаўляць з людзьмі, тлумачыць сітуацыю. А часта ў рабоце спецыялістаў ЖКГ назіраецца фармалізм, людзям не даюць абгрунтаваны адказ, хамяць. Старшыня аблвыканкама паставіў перад кіраўнікамі мясцовай выканаўчай улады задачу трымаць пад асаблівым кантролем работу спецыялістаў ЖКГ  з людзьмі.
*     *     *
Адначасова з абласной прайшла “прамая лінія” першага намесніка старшыні райвыканкама Васіля Мянькова.
Жыхарка вёскі Красамай паскардзілася на патрабаванне пажарнай інспекцыі замяніць газавую пліту. Заяўніцы растлумачылі, што зараз існуе жорсткае патрабаванне аб замене газавых прыбораў, якія эксплуатуюцца дзесяць гадоў. Калі пліта ў добрым стане, то тэрмін эксплуатацыі можа падаўжацца, але не больш чым да дваццаці гадоў. Газавай службе адрасавана даручэнне выехаць на месца і абследаваць пліту заяўніцы, і калі патрэбна, то дапамагчы з заменай.
З райцэнтра прасілі адрамантаваць дваровую тэрыторыю па вуліцы Юбілейная, 55. Праблема даўняя, добра вядомая ўладам, і па магчымасці добраўпарадкаванне двара будзе праведзена.
Жыхар Дубровенскага раёна (ураджэнец Каўлякоўшчыны) прасіў выдаліць карчы на могілках у в. Стралкі. Як патлумачыў дырэктар УП ЖКГ Іван Штуро, камунальнікі спілавалі аварыйныя дрэвы на могілках, але дабрацца і выдаліць пні і карчы ў цэнтры могілак не маюць магчымасці. Тым не менш даручэнне знайсці рашэнне праблемы адрасавана камунальнай службе.
З аграгарадка Мішневічы паскардзіліся на тое, што не могуць здаць цяля ў ААТ “Лаўжанскае”. Кіраўніцтву гаспадаркі даручана неадкладна забраць жывёлу ў насельніцтва.
Яшчэ некалькі пытанняў былі вырашаны ў аператыўным парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *