Два творческих коллектива Обольского Дома культуры празднуют в этом году юбилеи

Актуалии

Обаль – песня. Обаль – творчасць
Два прыгожыя юбілеі святкуе сёлета Обальскі Дом культуры: народны ансамбль народнай песні “Абалянка” з дня заснавання адзначае 35 год, народны клуб “Ветеран” – 30 год. Свае юбілеі калектывы сустракаюць новай творчай праграмай і новымі планамі.

Клуб «ветэран»
У Год культуры дырэктар Обальскага Дома культуры Валянціна Сіценка можа смела атрымліваць дывідэнды ад сваёй шматгадовай творчай дзейнасці. Бо ў тым, што пры Обальскім Доме культуры працуе і “Абалянка”, і “Ветэран” – два моцныя народныя калектывы – яе неаспрэчная заслуга і яе вялікая праца. У 1986 годзе быў створаны клуб “Ветэран”, кіраўніком стала Галіна Чарнічэнка, акампаніятарам – Жанна  Курыленка.
Мінула 30 год. Клуб “Ветэран”  вырас у сур’ёзны калектыў, займеў свае традыцыі і сваю гісторыю. І сюды па-ранейшаму ідуць людзі. Зараз, кажа В. А. Сіценка, у клуб стабільна прыходзіць 15 чалавек.  Тут яны спяваюць, вяжуць, шыюць, малююць, тут яны адводзяць душу ў гутарках, у адчуванні таго, што цябе разумеюць. А гэта не меней важна, чым мацаваць свае творчыя здольнасці. Яны разам радуюцца сваім вялікім і малым поспехам.
Вось нядаўна калектыў прыняў удзел у абласным конкурсе “Не старэюць душой ветэраны”. Обальскія ветэраны выканалі два творы – песню віцебскіх аўтараў “Франтавы здымак” і народную песню “Прыязджайце, землякі!” Выканалі выдатна, за што атрымалі дыплом першай ступені ў намінацыі “За лепшае ўвасабленне твораў аўтараў рэгіёна”. А салістка калектыву Таццяна Анішчанка (яна, дарэчы, спявае і ў “Абалянцы”) стала лаўрэатам другой ступені ў намінацыі “Сольныя спевы”.
Два разы на тыдзень обальскія ветэраны прыходзяць у Дом культуры, яны тут як дома. Валянціна Аляксандраўна расказвае пра сваіх актывістаў, не забывае пахваліць ветэранаў калектыву – З. І. Барысевіч, В. П. Шавяку, Р. І. Сцяняхіну, А. В. Кудлаёва, В. М. Навуменку, якія і зараз удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. Адным словам, усе малайцы.
А мы і не сумняваемся. Адно тое, што чалавек у сталым узросце не абмяжоўвае сябе толькі домам і агародам, а знаходзіць час на занятак для душы, знаходзіць у сабе сілы сабрацца і пайсці “ў людзі”, заслугоўвае асаблівай павагі.

Задорная “Абалянка”
Яна нарадзілася ў 1981 годзе. Імя “Абалянка” прыйшло само сабой і прыйшлося ўсім па гусце. У ім спалучыліся мілагучнасць, духоўная роднасць з обальскай зямлёй і своеасаблівы задор, выклік. Маўляў, ведай нашых, обальскіх!
Як карабель назавеш, так ён і паплыве, кажуць маракі. Обальская творчая брыганціна атрымала назву лёгкую, людзям зразумелую і паплыла па хвалях творчасці, нязмушана, не губляючы свайго задору і маладосці.
Калі бог даў талент спяваць і душа прагне песні, тады абавязкова знойдзеш час пайсці на рэпетыцыю і тры разы на тыдзень, і больш. Затое як лёгка пасля спеваў на душы і ў целе – той, хто спявае, ведае, што песня дае сілы, дорыць энергію. Можа, у гэтым і крыецца сакрэт маладосці “Абалянкі”?
– Песня сапраўды робіць людзей маладзейшымі, – усміхаецца кіраўнік калектыву Вольга Карбавец, – яна яднае нашы душы, акрыляе, натхняе на новыя і новыя з ёю сустрэчы. І вядома ж, заўсёды важна падсілкоўваць калектыў свежымі сіламі, далучыць юную плынь. Магчыма, нехта з сённяшніх спевакоў з дзіцячага ансамбля “Жавароначкі”, які створаны пры Обальскай школе мастацтваў, заўтра будзе спяваць у “Абалянцы”. А сёння мы стараемся дзяліцца з юнымі спевакамі сваімі напрацоўкамі, часта выступаем разам.
– Цікава, што кожную сваю песню вы стараецеся абыграць, аздабляеце яе элементамі танца, вымалёўваеце пэўную кампазіцыю. Хто ў вас займаецца харэаграфіяй?
– Харэограф “Абалянкі” – Уладзімір Мулькоў – адзін з першых удзельнікаў калектыву. З ім мы стварылі не адзін дзясятак канцэртных праграм.
– У “Абалянцы” ўсе спевакі обальскія?
– Так. Можа б, хто і хацеў да нас з іншых вёсак, але дабірацца на рэпетыцыі складана. Хаця калі аднойчы душой прыкіпеў да калектыву, то выйсце заўсёды знойдзецца. Некаторыя старэйшыя ўдзельнікі “Абалянкі” на зіму едуць жыць да дзяцей у горад, а летам вяртаюцца да сваіх сядзіб і да рэпетыцый.
– У рэпертуары “Абалянкі” пераважаюць беларускія песні. Гэта ваш свядомы выбар, гледачы вас падтрымліваюць?
– Гледачы разумеюць і вельмі любяць беларускую песню, заўсёды ўдзячныя за яе. Часта людзі і самі не падазраюць, наколькі ў крыві жыве гэтая беларускасць з такім трапным добрым гумарам, паказаным у песнях і зразумелым нам, беларусам.  Больш за восемдзясят працэнтаў рэпертуару ў нас на беларускай мове. Але мы не адмаўляемся і ад рускай песні. У наш рэпертуар удала ўпісаліся рускія песні на ваенную і патрыятычную тэматыку.
– А колькі зараз песень у рэпертуары калектыву?
– Больш за сто. Толькі на канцэрце “Кола года”, які мы прэзентавалі з нагоды нашага юбілею, прагучала дваццаць песень. Ведаеце, не заўсёды можна прадказаць, колькі пражыве тая ці іншая песня. Адна быццам бы і мілагучная, і добра пастаўлена, але не прыжывецца, не знойдзе водгуку ў душах гледачоў, а іншая жыве гадамі, як, напрыклад, “Усе гульні каля броду”, “Ой, пад дубам”, “А ў полі два дубочкі”.
– У Обалі два народныя калектывы “Абалянка” і “Гарэзнікі”. І там,  і там – Вольга Карбавец. Чым адрозніваюцца гэтыя калектывы?
– Ну, па-першае, у «Гарэзніках» кіраўніком працуе не Вольга Карбавец, а Анжэліка Загнетава, па-другое, “Гарэзнікі” нарадзіліся пры Обальскай школе мастацтваў…
– А па-трэцяе, няхай будзе больш творчых калектываў і людзей, якім хочацца спяваць, танцаваць, ствараць…
– Гэта так.
– Вольга Уладзіміраўна, нельга не прызнаць, што вы асабіста многа зрабілі для развіцця “Абалянкі”, кіруючы калектывам больш за дваццаць год. Пры вас калектыў атрымаў званне “народны” і вялікае прызнанне, больш выразна выявіў сваю індывідуальнасць, свой творчы почырк. Падзяліцеся складальнікамі поспеху.
– Ансамбль народнай песні “Абалянка” стварылі таленавітыя людзі задоўга да майго прыходу. Ля вытокаў стаялі акампаніятары Святлана Куфціна, Васіль Каліненка, Уладзімір Аглушэвіч. Мне пашчасціла трапіць ва ўжо зладжаны калектыў, я адчувала моцную падтрымку кожнага яго ўдзельніка. З дня стварэння ў калектыве Ганна Курыленка, Наталля Баранава, Алена Кудлаёва, даўно і творча працуюць Таццяна Анішчанка, акампаніятар Міхаіл Гумінскі – хочацца назваць літаральна кожнага.
– Год культуры калектыў “Абалянка” сустрэў творчым юбілеем, новай канцэртнай праграмай. Якія праекты яшчэ запланаваныя?
– Зараз рыхтуемся да Дня незалежнасці і да “Славянскага базару”, адточваем, так сказаць, праграму. Глядзім і ў будучае, марым зрабіць больш разнастайнай інструментальную групу, хацелася б да баяна і цымбалаў дадаць яшчэ і скрыпачку, хацелася б і касцюмы аднавіць… А новы дзень прынясе новыя песні і выкліча на біс старыя.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва Обальскага Дома культуры.
Надрукавана ў №39 ад 20.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *