Дзе будуць адпачываць шумілінскія школьнікі?

Актуалии Образование Общество

Дзе будуць адпачываць шумілінскія школьнікі?

“Ура, канікулы!” – скачуць дзеці. “О божа! Канікулы! – хвалююцца бацькі. – Куды дзяцей дзець?”
Асаблівыя хваляванні пра малодшых школьнікаў, якіх яшчэ страшна адных дома пакідаць. І тут сваю дапамогу прапануюць летнія аздараўленчыя лагеры.

Як паведаміла рэдакцыі Любоў Сямёнава, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у Шумілінскім раёне па лініі аддзела бу-дзе працаваць некалькі груп аздараўленчых лагераў. У іх плануецца аздаравіць каля тысячы дзяцей.
Лагер кругласутачнага знаходжання “Пунсовы ветразь” у Лескавічах прыме за дзве змены 165 школьнікаў. Першая змена (65 дзяцей) будзе працаваць з 16 чэрвеня да 3 ліпеня, другая (100 дзяцей) – з 7 да 24 ліпеня. Кошт пуцёўкі – ад 2 млн 50 тыс. да 2 млн 200 тыс. – у залежнасці ад узросту школьніка. Дарагавата, але ў аддзеле спадзяюцца, што прафсаюзы прадпрыемстваў і арганізацый дапамогуць сваім работнікам купіць дзецям пуцёўкі. Што датычыць дзяцей-сірот, а таксама дзяцей з прыёмных, апякунскіх і мнагадзетных сямей (а такіх назбіраецца каля 50 чалавек), то тут расходы возьме на сябе аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Другая група – гэта лагеры дзённага знаходжання, яны будуць працаваць пры ўстановах адукацыі. На першую змену, якая пачнецца ўжо 9 чэрвеня, 340 дзяцей прымуць шумілінскія СШ №1 і СШ №2, Обальская СШ і Обальскі дзіцячы сад, а таксама ўстановы адукацыі ў Язвіне, Амбросавічах, Башнях, Пабедзе, Мішкавічах, Мішневічах, Мікіцісе, Льнозаводскі д/с-пачатковая школа, Шумілінскі яслі-сад №3.
На другую змену запрашаюць Кардонская СШ, Навікоўская БШ, Слабадская д/с-СШ і Сіроцінская д/с-пачатковая школа. Плануецца, што ў другую змену адпачнуць 95 дзяцей.
Групу з 15 дзяцей прыме на трэцюю змену Добрынская д/с-пачатковая школа.
Плата за пуцёўку ў лагер дзённага знаходжання пасільная абсалютна для кожнай сям’і – 132 тысячы рублёў. Гэта пры тым, што дзецям прапануюць сняданак, абед і фрукты на падвячорак, не кажучы ўжо пра работу выхавальнікаў, музычных і спартыўных кіраўнікоў.
Дарэчы, гэты від дзіцячага адпачынку вельмі запатрабаваны, асабліва ў Шуміліне.
Яшчэ адна група – лагеры працы і адпачынку. Яны арганізоўваюцца з 9 да 29 чэрвеня ў  СШ №2, а таксама ў Слабадской, Обальскай і Мікіціхінскай школах. Тут будуць не толькі адпачываць, але і працаваць 50 дзяцей. У рамках другаснай занятасці дзеці будуць шыць шторы, пасцельную бялізну, займацца добраўпарадкаваннем і рамонтам школьнай мэблі. Плата за пуцёўку ў такі лагер таксама складае 132 тысячы, але ў гэтым выпадку дзеці самі змогуць зарабіць нейкую капейку.
Па лініі БРСМ будуць працаваць валанцёрскія лагеры. Яны маюць на мэце заняць карыснай справай праблемных падлеткаў. На базе СШ №1 лагер з 20 чалавек будзе працаваць у чэрвені,  СШ №2 – у ліпені (20 чалавек), Обальскай СШ – у жніўні (15 чалавек).
У тры змены будуць працаваць і спартыўныя лагеры. Яны аб’яднаюць удзельнікаў спартыўных секцый. Тут плануюць прыняць 125 дзяцей.
А вось што датычыць адпачынку ў лагеры “Дружба”, то тут змогуць адпачыць толькі дзеці работнікаў “Віцебскаблгазу”, паведамі-ла Святлана Архіпава – галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Яна таксама расказала, што ў другім квартале па пуцёўках пабывалі ў санаторыях 18 дзяцей. Столькі ж запланавана і на трэці квартал. Яшчэ 9 пуцёвак выдадзена для дзяцей з дарослымі, 2 пуцёўкі – для дзяцей- інвалідаў.
Сёння кожная сям’я плануе сваё лета. Да летніх школьных канікулаў прымяркоўваюць свае водпускі, загадзя рыхтуюць бабуляў і дзядуляў да нашэсця ўнукаў, запісваюцца ў лагеры, рыхтуюцца ў турпаходы. Лета – гэта маленькае жыццё, сцвярджае песня. І няхай гэтае жыццё ва ўсіх дзяцей і дарослых будзе яркім, запамінальным, шчодрым на цяпло і сонечную радасць!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *