В Шумилинском районе под кукурузу в этом году отвели 3000 га

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Гатунак “краснадарскі” – на мішневіцкія палеткі
У гэтым годзе ў раёне запланавана пасеяць тры тысячы гектараў кукурузы. У канцы мінулага тыдня было засеяна крыху больш як 30% да патрэбнага.
На днях мы пабывалі на палетках КУСГП “Мішневічы”.  Сяўба вялася ва ўрочышчы Казлы. Тут працаваў меха-нізатар Пётр Якаўлеў (на здымку). “На сваёй трохмятровай сеялцы “Лемкен” засяваю за дзень па дваццаць і больш гектараў, – расказаў механізатар. – Закончу работу на гэтым полі, пераеду на суседняе, там зараз працуюць мае калегі з плугамі, баронамі і раскідвальнікам мінеральных угнаенняў. Сёлетняя сяўба, як і звычайна, са сваімі плюсамі і мінусамі. Месцамі трапляюцца вымачкі. Радуе, што тэхніка не падводзіць – за час сяўбы зерневых рамантаваўся толькі адзін раз”.
На падмогу Пятру Якаўлеву спяшаецца з шасцімятровай сеялкай самы малады механізатар гаспадаркі Аляксей Зімянін.
Абеды прывозяць на поле, глебу да сяўбы рыхтуюць своечасова – толькі працуй. І хлопцы стараюцца, рупяцца да цёмнага, перавыконваюць удвая даведзеныя планы. Акрамя асноўнай зарплаты, механізатарам хочацца ж яшчэ “напрацаваць” і на прэмію. Пётр Якаўлеў расказаў, што за зерневыя сеяльшчыкі атрымалі па мільёну рублёў прэміі.
У “Мішневічах” да сяўбы кукурузы прыступілі адразу пасля сяўбы зерневых і зернебабовых. “Маглі б і раней справіцца з зерневым клінам, але наша праблема – нізкія палеткі, пасля дажджоў чакалі некалькі дзён, каб зноў прадоўжыць работы, – расказаў дырэктар гаспадаркі М. Г. Цікавенка. –  Зараз на парадку дня – кукуруза. Стараемся якасна апрацоўваць глебу, якасна сеяць, захоўваць усе агратэхнічныя прыёмы, каб восенню было што закладваць у сіласныя траншэі для забеспячэння належнага рацыёну жывёлы. Усяго сеем ў гэтым годзе дзвесце гектараў кукурузы. Тэхнікі хапае, вось толькі паліва, як кажуць, “з колаў”.
Дарэчы, насенне кукурузы ў гэтым годзе КУСГП “Мішневічы” атрымлівае праз ААТ “Малако”. На мінулым тыдні ў гаспадарку прывезлі дзве тоны кукурузы гатунку “краснадарскі”. У бліжэйшы час чакаюцца яшчэ пастаўкі – гаспадарцы трэба яшчэ амаль сем тон насення, адзначыў Міхаіл Герасімавіч.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *