В Шумилино прошёл спортивный праздник

Общество Спорт, туризм

Спорт – гэта здароўе
У суботу на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшло спартыўнае свята “Спорт – гэта здароўе”. Усяго толькі шэсць каманд (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Обальскі керамічны завод, Шумілінскі лясгас, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, ПМК-70, УП ЖКГ Шумілінскага раёна) з 15 запрошаных да ўдзелу выйшлі на старт.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў спартыўнага свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава.  Ірына Іванаўна ўручыла падзячныя лісты за ўклад у развіццё шумілінскага спорту трэнеру ДзЮСШ Любові Бабовай,  актыўнаму балельшчыку ФК “Шуміліна” Кірылу Буланаву і настаўніку фізічнай культуры Слабадской школы Уладзіміру Кучко.
Адкрывала праграму ”Малых алімпійскіх гульняў” лёгкаатлетычная эстафета 4х100, у якой перамогу святкавалі лёгкаатлеты з лясгаса, якія абышлі і выратавальнікаў, і будаўнікоў (другое і трэцяе месцы).
Воклічамі ды апладысментамі падтрымлівалі нешматлікія балельшчыкі выступленні мужчын, якія падцягваліся на перакладзіне. Тыя стараліся як маглі і паказалі добрыя вынікі. Лепшымі сталі атлеты з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Цікава, у вострай спартыўнай барацьбе прайшлі спаборніцтвы па скачках у даўжыню, кулявой стральбе і пляжным валейболе. Праўда, спаборніцтвы вельмі зацягнуліся і спартсменам прыйшлося доўга чакаць свайго старту. Арганізатарам мерапрыемства трэба было развесці выступленні каманд па розных відах спорту – спаборніцтвы прайшлі б больш дынамічна і арганізавана.
Удала ўпісаўся ў  праграму мерапрыемства імправізаваны футбольны конкурс “Дакладна ў цэль”, у якім ухвальных слоў заслужыла каманда УП ЖКГ.  У жартоўнай эстафеце прызёрымі сталі каманды з камунгасу, РАНС і лясгаса. Гэтыя два віды маглі б стаць сапраўдным ўпрыгожаннем мерапрыемства,  калі б падтрымаць свае каманды прыйшлі прадстаўнікі калектываў. А так спартсмены фактычна выступалі толькі для сябе, падтрымлівалі адзін аднаго.
У сямейнай эстафеце на старт выйшлі толькі дзве сям’і.
Па выніках спаборніцтваў агульную перамогу святкавала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, другое месца ў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, трэцяе – у каманды Обальскага керамічнага завода. Пераможцы і прызёры атрымалі медалі і дыпломы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *