Агроусадьбы Шумилинского района обещают гостям незабываемое лето

Актуалии Общество Сельское хозяйство Экология

Аграсядзібы чакаюць гасцей

У мінулую пятніцу камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай наведала аграэкасядзібы раёна. Спецыялісты зацікаўленых службаў праверылі гатоўнасць аб’ектаў да новага турысцкага сезона, нагадалі гаспадарам пра патрабаванні, якія прад’яўляюцца да сядзіб, каб адпачынак тых, хто пажадае скарыстацца паслугамі аграсядзіб, быў прыемным і бяспечным. Для ўхілення выяўленых санітарнай і пажарнай службамі парушэнняў устаноўлены канкрэтныя тэрміны.
Гаспадары сядзіб расказвалі пра паслугі, якія яны мяркуюць аказваць гасцям, дзяліліся планамі на бліжэйшы сезон і на перспектыву. Восем аграэкасядзіб Шуміліншчыны маюць розны ўзровень гатоўнасці, розны ўзровень паслуг, належаць да розных форм уласнасці, але ўсе яны ў цэлым гатовыя да прыёму гасцей.

Дом паляўнічага
Дырэктар Шумілінскага лясгаса І. Я. Папок, прадстаўляючы Дом паляўнічага ў вёсцы Роўнае, расказаў, што асноўнае прызначэнне гэтага аб’екта – забеспячэнне прыёму паляўнічых, якія прыязджаюць на Шуміліншчыну з далёкага ці блізкага замежжа, з нашай краіны, каб здабыць паляўнічы трафей, а заадно адпачыць ад гарадской мітусні ў прыродным асяродку.

Арганізацыя адпачынку выхаднога дня ці правядзенне карпаратыўных, сямейных вечароў адбываецца ў час, калі няма паляўнічых. Усіх гасцей тут сустракае ўтульны двухпавярховы дом са зручнасцямі, лазня, стол можна накрыць як у самім доме, так і ў альтанках у двары. Побач з домам возера.
Ігар Яўгенавіч расказаў пра планы па рамонце Дома паляўнічага, узвядзенні новай закрытай альтанкі, драўлянай сцежкі да возера, па будаўніцтву, ў перспектыве, яшчэ аднаго дома.

“Обальскія катамараны” –
напэўна, самая вядомая шумілінская экасядзіба, якая, па словах гаспадара А. Л. Бычкова, штогод прымае 90-150 турыстаў. Незабыўныя ўражанні пакідае сплаў на катамаранах на рацэ Обаль, дзе турыстаў чакаюць падрыхтаваныя месцы для прывалаў і адпачынку. А пакуль 20-30 км няспешнае цячэнне ракі нясе лодкі, уздоўж берагоў адкрываюцца маляўнічыя краявіды: што ні паварот ракі, то новы пейзаж, новая карціна некранутай прыроды. Прыстань у вёсцы Заобаль і пяць катамаранаў чакаюць аматараў адпачынку з вёсламі. А па ўзгадненні з гаспадаром можна выбраць і больш працяглы маршрут.

“Ведрусы”
У вёсцы Заобаль размешчана і сядзіба “Ведрусы”. Гэта хутчэй месца для адпачынку з трыма альтанкамі ў лукавіне ракі Обаль. Камісія застала гаспадара сядзібы  А. А. Крыштона, калі ён абкошваў тэрыторыю. Гаспадар расказаў пра свае планы падрамантаваць альтанкі, зрабіць месца больш прывабным для адпачынку.

“Міжазер’е”
Сама назва сядзібы ў вёсцы Гародна гаворыць пра яе размяшчэнне паміж азёрамі Сосна і Гародна. Гаспадары вядуць будаўніцтва вялікага гасцявога дома. А пакуль госці могуць размясціцца ў невялікім доме, дзе ёсць лазня, пакой з кухняй і сталом для вялікай кампаніяй і два пакоі ў мансардзе. Месца адпачынку зручнае для рыбакоў і аматараў прыроды.

На возеры Будавесць
На беразе самага вялікага возера на Шуміліншчыне – Будавесць, у аграгарадку Башні размешчаны аграэкасядзібы “У Пятровіча” (гаспадар В. П. Зянькоў) і “Вясёлка” (гаспадар С. Ф. Вішнякоў).
Дом, у якім можа размясціцца кампанія чалавек на 10-12, лазня, побач возера, прыгожая тэрыторыя, векавыя дрэвы – гэта сядзіба “У Пятровіча”. Усё настройвае на спакой і адпачынак. Калі сядзіба В. П. Зянькова прымае гасцей не першы сезон, і тут ужо склалася свая кліенцкая база, “Вясёлка”, размешчаная праз дарогу, толькі пачынае асвойваць турысцкі бізнес.

На беразе Дзвіны
Найпрыгажэйшыя віды адкрываюцца з высокага берага Заходняй Дзвіны хоць у сядзібе “Дзвінскі рай” у вёсцы Чэрчыцы (гаспадыня Л. М. Пацябенька), хоць у сядзібе “Ерашова” (гаспадыня А. Р. Шэдзько), што знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. З аднаго боку – рака, на якой можна парыбачыць, з другога боку – бары, дзе душу змогуць адвесці ягаднікі ці аматары “ціхага палявання”.
Для тых, каму падабаецца адпачынак у вясковай хаце, з традыцыйнай лазняй, – падыдзе “Дзвінскі рай”.
“Ерашова” прапануе больш цывілізаваныя ўмовы: утульны дом з мансардай, лазня, закрытая альтанка, печ для барбекю ці шашлыкоў (каму як падабаецца). У абгароджаным двары сядзібы калодзеж са смачнай вадой. У планах гаспадароў – пашырэнне бізнесу: давесці да ладу яшчэ адзін гасцявы дом на другім канцы вёскі.
Дарэчы, гаспадароў дзвінскіх сядзіб крыху трывожыць, як складзецца сітуацыя пасля ўвядзення Полацкай ГЭС і запаўнення вадасховішча: палепшацца ці пагоршацца ўмовы для адпачынку на рацэ?

На Шуміліншчыне шмат прыгожых мясцін, якія могуць прыцягнуць на адпачынак жыхароў не толькі нашай краіны, але і з замежжа. Ёсць патэнцыял для развіцця рыбалоўнага і паляўнічага, экалагічнага і рэкрэацыйнага турызму. Знойдуцца і ініцыятыўныя людзі, якія змогуць задаволіць патрабаванні ў гэтым відзе паслуг. Хочацца спадзявацца, што ў перспектыве турысцкая сфера стане адным з напрамкаў развіцця нашага раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Для тых, хто жадае адпачыць на аграэкасядзібах Шумілінскага раёна, адрасы сядзіб і іншую інфармацыю можна знайсці на афіцыйным сайце Шумілінскага райвыканкама:
http://shumilino.vitebsk-region.gov.by у раздзеле “Сацыяльная сфера”: “Турызм”, “Аграэкатурызм” і іншыя.
Можна атрымаць інфармацыю ў турысцка-інфармацыйным пункце Шуміліна (адрас: г. п. Шуміліна, вул. Луначарскага, д. 17а; тэл. 8 (02130) 5-06-15).
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *