Представители руководства района и районных служб встретились с населением Сиротинского сельсовета

Актуалии Общество Президент

Людзі расказалі пра ўсё, што хвалюе
На гэтым тыдні была арганізавана работа з насельніцтвам Сіроцінскага сельсавета. Групы ў складзе кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў разнастайных службаў і ведамстваў праводзілі сустрэчы з грамадзянамі і падворныя абходы. Групу, якая працавала ў сераду 8 чэрвеня ў Сіроціне, узначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Сіроцінскі сельсавет з насельніцтвам у 1063 чалавекі займае перадапошнюю прыступку ў раёне па колькасці жыхароў (саступае яму толькі Каўлякоўскі). Дзеці вырастаюць, пакідаюць бацькоўскае гняздо, ствараюць гарадскія сем’і, гадуюць маленькіх гараджан. Такая вось дэмаграфія. Вёска трымаецца на старажылах, на людзях, якія наўрад ці прамяняе сваё лагоднае размеранае вясковае жыццё гарадской імклівасці. Радуе, што гэта сцверджанне, якое, напрыклад, выдатна характарызуе дзевяностагадовую Кацярыну Іванаўну Суханаву (дарэчы, дзякуй вам, Кацярына Іванаўна, за прыгожыя песні, якія дабавілі настрою ўсім гасцям вёскі Сіроціна), у поўнай меры можна прымяніць, скажам, і да маладога Івана Казелькі – вясковага фельчара. Сіроцінцам сапраўды пашчасціла, што хлопец не шукаў іншага жыцця, а застаўся ў роднай вёсцы, каб лячыць сваіх землякоў, завёў тут сям’ю і, пэўна, ужо нікуды адсюль не з’едзе.
У гэтым сэнсе людзей хваляваў і лёс Сіроцінскай школы. Зразумела, яны і самі адчуваюць, што не дацягвае колькасць дзяцей у вёсцы да таго, каб утрымліваць вясковую школу, але ж каму захочацца, каб школа закрылася. Кабеты загіналі пальцы, лічылі дзетак, якія падрастаюць, ківалі на шматдзетнага бацьку, што прыйшоў на сустрэчу, маўляў, дзе ягоным дзецям вучыцца, калі школу закрыюць. Ірына Мікалаеўна супакоіла людзей: пакуль школа будзе працаваць. Але ў той жа час яна не магла не звярнуць увагу на эканамічны бок праблемы. Ніхто не стане спрачацца з тым, што сёння нельга дазволіць сабе не лічыць грошай, як на ўзроўні нейкай канкрэтнай сям’і, так і на ўзроўні раёна і краіны. І справа нават не ў тым, што навучанне і выхаванне дзіцяці абыходзіцца надзвычай дорага (дзяржава ніколі не зніме з сябе гэтага клопату), а ў тым, што ўтрыманне бедных на вучняў устаноў адукацыі ў некалькі разоў памнажае гэтыя расходы. Жыццё вымушае эканоміць, а дзеці без адукацыі не застануцца.  Людзі згадзіліся з такімі пераканаўчымі довадамі, тым больш, што пад бокам – Слабадская школа, гатовая прымаць вучняў і раённая гімназія-інтэрнат.
Падтрымліваючы тэму дзяцінства, намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў параіў людзям не забывацца на правілы бяспекі: дзеці надзвычай непрадказальныя, і бяда можа здарыцца якраз тады, калі ты гэтага менш за ўсё чакаеш. Расказаў, што сёлета ў раёне здарылася 6 пажараў, а летась на гэты час іх было ўжо 14 з трыма загінуўшымі. Звярнуў увагу на важнасць устаноўкі ў доме пажарнага апавяшчальніка і на многае іншае.
Не толькі засцерагчы сябе ад пажару, але і надаць прывабны выгляд тэрыторыі вакол дамоў дапамогуць рэгулярныя абкосы травы. Напрыклад, бачна, што на вуліцы Палявой людзі пра гэта клапоцяцца: вуліца ўтульная прываблівае сваёй асаблівай вясковай прыгажосцю і маляўнічасцю. Дарэчы, як і многія іншыя вуліцы Сіроціна.
Калі гаварыць пра праблемы, з якімі прыйшлі людзі на сустрэчу, то найперш гаварылі пра якасць пітной вады. І. М. Новікава паабяцала, што будзе створана спецыяльная камісія, якая прааналізуе сітуацыю.
Таксама вяскоўцы прасілі дапамагчы з нарыхтоўкай дроў. Справа ў тым, што дзялянкі для нарыхтоўкі выдзяляюцца хоць, як і належыць, на тэрыторыі сельсавета, але ўсё роўна вельмі далёка ад Сіроціна. Гэта  істотна павялічвае расходы па дастаўцы дроў да дома. Ірына Мікалаеўна прама на месцы патэлефанавала дырэктару лясгаса, які не знайшоў ніякіх перашкод, каб вырашыць пытанне з дапамогай Мішневіцкага лясніцтва.
Нараканні на гандлёвае абслугоўванне ў вёсцы, на магазін, у якім няма тавараў, сустрэлі прапанову арганізаваць прыватным прадпрымальнікам у вёсцы выязны гандаль, напрыклад, у чацвер, калі ў сіроцінскай краме – выхадны.
Наогул, у вёсцы ў гэты дзень прайшлі два сходы, да некаторых катэгорый грамадзян завіталі дадому асабіста. Людзі з задавальненнем гутарылі з гасцямі, дзяліліся сваімі клопатамі, адчувалася, што ім прыемна ўвага да сябе і сваіх праблем, яны нават і развітвацца не хацелі. Сіроцінцы з цікавасцю слухалі, напрыклад, пра сацыяльныя паслугі, якія аказвае ТЦСАН; пра змены ў заканадаўстве, якія тычацца пахавання; пра медыцынскія паслугі, якія сёння гатова прадаставіць райбальніца, і многае іншае. Ім расказалі і пра нядаўнія выпадкі атручэння сурагатным алкаголем, якія адбыліся ў раёне, і пра тое, што пад выглядам гандляроў у дом могуць прабрацца махляры, і  наогул, пра тое, што трэба берагчы сябе і адзін аднаго.
На развітанне Ірына Мікалаеўна пажадала вяскоўцам здароўя, добрага настрою, прызналася, што атрымала непадробнае задавальненне ад узаемін з імі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 10.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *