Светлана Бочкова — донор. Кровь сдаёт с 18 лет

Актуалии Общество

Я – донар
Святлана Бачкова кроў пачала здаваць, як толькі ёй споўнілася 18 год, з 1983 года – яшчэ ў СССР. Прызналася, што да 100 літраў яшчэ падлічвала колькасць здадзенай крыві, а пасля – перастала.

Успамінае, калі прыйшла на станцыю пералівання ўпершыню маладзенькай кволай трысцінкай, было дзіўна назіраць, як моцныя здаровыя мужыкі побач з ёй трацяць прытомнасць. З ёй такога не бывала, ды, і наогул, Святлана, здаецца, поўнасцю адпавядае характарыстыкам, якімі звычайна надзяляюць моцных, валявых, упэўненых у сабе жанчын.
Цікава, што ў раёне яна адна з нямногіх, хто з’яўляецца не проста донарам крыві, а яшчэ і донарам плазмы. Такая працэдура праходзіць па пэўнай схеме, патрабуе ад донара не толькі абсалютнага здароўя, а яшчэ і, так сказаць, дысцыплінаванасці: здаровы лад жыцця і дыета, лічы, круглы год.
Першая станоўчая група крыві Святланы не раз дапамагала людзям выздаравець, а магчыма, і выратоўвала некага ад смерці. І яна ганарыцца гэтым, і наогул, не можа зразумець, як можна адмовіць у дапамозе чалавеку, які мае ў ёй неабходнасць, які пакутуе, хварэе.
Святлана Вітальеўна Бачкова – Ганаровы донар СССР, Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь. Сёлета ёй было прысвоена званне “Жанчына года Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сістэме прамысловага комплексу і будаўніцтва” – яна з поспехам спраўляецца з абавязкамі маляра-тынкоўшчыка 4 разраду будаўнічага прадпрыемства “Шумілінская ПМК-70”.
Донарам можа стаць не кожны, пранесці гэту высакародную місію праз усё жыццё яшчэ цяжэй, але для ўсіх відавочна, што такія людзі заслугоўваюць асаблівай павагі і пашаны.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *